Грыбаўскайце перамагла ў катэгорыі "ляп году” з-за Лукашэнкі?

У блогу "Eastern approaches" на сайце брытанскага тыднёвіка The Economist, прысьвечаным падзеям у посткамуністычных краінах, прэзыдэнт Літоўскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайце абвешчаная пераможцай у катэгорыі “ляп году”.

Прычына – адмова Грыбаўскайце наведаць вячэру з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам і станоўчае стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі.

Нагодай адмовы ад вячэры з Абамам было нэгатыўнае стаўленьне Грыбаўскайце да новай дамовы ў справе ядзернага стратэгічнага раззбраеньня паміж ЗША і Расеяй.

“Яна можа патрапіць у Белы Дом толькі ў тым выпадку, калі прыедзе туды з іншымі турыстамі”. – цытуе The Economist ананімнага амэрыканскага чыноўніка.

Часопіс таксама адзначае, што “Грыбаўскайце, працуючы ў Эўракамісіі, дзе яна адказвала за бюджэт, цудоўна выконвала свае абавязкі, але абавязкі прэзыдэнта – іншыя”.

Прэзыдэнт Літвы адмовілася ўдзельнічаць у вячэры, арганізаванай прэзыдэнтам ЗША на пачатку красавіка ў Чэхіі. На вячэру былі запрошаныя лідэры краінаў Усходняй Эўропы. Грыбаўскайце сказала, што яна не хоча піць шампанскае за дагавор, які можа нанесьці шкоду бясьпекі Эўропы.