У Менск прыедзе эўракамісар Фюле

Штэфан Фюле

Эўрапейскі камісар у справах пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфан Фюле прыедзе зь візытам у Беларусь 14-15 лістапада.

Пра гэта на Менскім форуме паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі. Мэта візыту — абмеркаваньне ўсяго комплексу пытаньняў супрацоўніцтва Беларусі і Эўразьвязу, эканамічная каапэрацыя, палітычны дыялёг, візавыя пытаньні.

«Гэты візыт паспрыяе разьвіцьцю дыялёгу Беларусі і Эўразьвязу. Добра, што спадар Фюле праяўляе цікавасьць да Беларусі»,— так пракамэнтаваў навіну спадар Варанецкі.

Паводле ягоных словаў, ніякіх дакумэнтаў падчас гэтага візыту падпісваць ня будуць.

У сваім выступе на Менскім форуме Валерый Варанецкі заявіў, што далейшае пашырэньне супрацоўніцтва Беларусі і Эўразьвязу — непазьбежнае, што Беларусь павінна быць уцягнутай у эўрапейскія эканамічныя інтэграцыйныя працэсы.

«Інтарэсам Беларусі і Эўразьвязу адпавядае поўнамаштабнае аднаўленьне адносін, трэба ўхіліцца ад палітычных і эканамічных абмежаваньняў, сфармаваць прававую базу адносін і спрасьціць візавы рэжым», — заявіў спадар Варанецкі.