Міхалевіч, Някляеў і Раманчук пойдуць рэгістравацца

23 верасьня, у перадапошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў на ўдзел прэзыдэнцкіх выбарах, свае дакумэнты ў ЦВК зьбіраюцца падаваць тры апазыцыйныя палітыкі: Алесь Міхалевіч, Уладзімер Някляеў і Яраслаў Раманчук.

У адрозьненьне ад іншых апазыцыйных прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы лідэр кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў загадзя вызначыўся з канкрэтным часам свайго прыходу ў Цэнтравыбаркам – палова на 11-й раніцы. Астатнія кажуць, што вызначацца цягам дня.

Уладзімер Някляеў кажа, што ў ягоную ініцыятыўную групу запісалася больш за 2 тысячы чалавек, і толькі палова зь якіх удзельнічае ў руху "Гавары праўду", іншыя далучыліся ў апошнія дні.

Уладзімер Някляеў задаволены, як ідзе падрыхтоўка да кампаніі, які настрой пануе ў ягонай камандзе:

"Жыцьцё ідзе, ідзе палітычная барацьба, адны змагаюцца за тое, каб сытуацыя зьмянілася, людзі, якія сядзяць у іншых кабінэтах, змагаюцца за тое, каб усё заставалася ранейшым. Гэта нармальна. Ненармальна – гэта тады, калі мы жывем ад выбараў да выбараў і ходзім схіліўшы галовы, маўляў, нічога ня будзе, нічога нельга зьмяніць, усё загадзя вядома... Ну няпраўда, Бог толькі можа ведаць, што з намі будзе. А ўсё астатняе залежыць ад нас, і перакананы, што ўсё будзе так, як мы заплянавалі".

Зьбіраецца сёньня ў ЦВК і патэнцыйны кандыдат ад АГП Яраслаў Раманчук. У складзе ягонай ініцыятыўнай групы каля тысячы чалавек, частка зь іх прыйшла ў каманду па абвестцы на сайце.

"Вельмі інтэнсіўная кампанія ідзе, мы сфармавалі сетку ў 32 гарадах краіны, і гэта аснова для таго, каб зьбіраць пасьпяхова подпісы".

Ініцыятыўную групу Раманчука ўзначаліў Леў Марголін. Апрача яе Яраслаў Раманчук зьбірае вакол сябе нефармальную раду з ліку замежных палітыкаў і экспэртаў:


"Гэта людзі, якія будуць інфармаваць сьвет наконт таго, хто я такі, якая ў мяне праграма і чаму мяне трэба падтрымліваць.

Гэта людзі, аўтарытэтныя ў сваіх колах, і таму такая рада безумоўна паспрыяе таму, каб сьвет болей даведаўся пра тое, што адбываецца ў Беларусі на гэтай прэзыдэнцкай кампаніі".



23 верасьня хоча падаваць дакумэнты ў ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы і Алесь Міхалевіч:

"Зьбіраюся падаваць 23-га, у чацьвер, але не зьдзіўлюся, калі падам 24-га ў пятніцу, таму што зьвесьці розныя табліцы ў адну, сабраць з усіх рэгіянальных арганізацый, – гэта дастаткова сур'ёзны працэс. Шмат хто ў Беларусі ўсё робіць ў апошні момант, таму не зьдзіўлюся, калі я зраблю гэтак жа і падам дакумэнты ў пятніцу".

Афіцыйнай інфармацыі пра тое, калі будзе падаваць свой сьпіс ініцыятыўнай групы А.Лукашэнка няма, кіраўнік ягонай прэсавай службы Павал Лёгкі нічога на гэты конт паведаміць ня змог.