Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэзэрве ў Статкевіча — ён сам


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
Сустаршыня стваранай партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і лідэр «Эўрапейскай кааліцыі» Мікола Статкевіч сёньня на прэсавай канфэрэнцыі заявілі пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Абодва кандыдаты 24 верасьня аддадуць у Цэнтравыбаркам дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў.

Мікола Статкевіч
сказаў, што фармаваньне ягонай ініцыятыўнай групы яшчэ ня скончылася:

«Гэта зьвязана з тым, што рашэньне аб падачы сьпісу ініцыятыўнай групы мы прынялі вельмі позна — толькі ў суботу. Мы занадта захапіліся працэсам кансалідацыі. І атрымалася, як часам кажуць: зіма прыйшла раптоўна, 1-га сьнежня. Так і з гэтымі выбарамі. Але мая ініцыятыўная група будзе дастатковай, каб сабраць 100 тысяч подпісаў. А пра дакладную колькасьць вы даведаецеся 24 верасьня ў пятніцу, калі я панясу сьпісы групы ў Цэнтральную выбарчую камісію».
Мы занадта захапіліся працэсам кансалідацыі

Паводле Міколы Статкевіча, сваю ініцыятыўную групу ён узначаліць сам:

«Бюро партыі прыняло рашэньне, каб ініцыятыўную групу ўзначаліў я сам. Каб не ставіць паміж мной і ўладай кагосьці яшчэ. Бо людзі зарабляюць на жыцьцё сваёй працай.»

Віталь Рымашэўскі
А ў ініцыятыўнай групе Віталя Рымашэўскага, паводле яго словаў, ужо больш за тысячу чалавек:

«Адзінай перашкодай зьяўляецца кароткі тэрмін яе фармаваньня. Мы пачалі яе фармаваць пасьля абвяшчэньня даты выбараў. І за два тыдні больш за тысячу чалавек ужо ў яе запісаліся. Канчатковыя вынікі стануць вядомыя ў пятніцу, калі мы пададзім у ЦВК склад нашай групы. Я мяркую, што сабраць сто тысяч подпісаў для нас будзе даволі рэальна і нескладана, калі толькі рэпрэсіі з боку ўладаў ня будуць узмацняцца».

На гэтай жа прэсавай канфэрэнцыі абодва патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, а таксама сустаршыня Партыі БХД Павал Севярынец і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч праінфармавалі аб правядзеньні 24 лістапада ў Менску масавай акцыі пад дэвізам «Сыходзь!». Пра яе сутнасьць распавядае спадар Севярынец:

«Чаму — гэты дзень? Дзьве прычыны. Першая зь іх — 24-га наступны дзень пасьля рэгістрацыі альбо нерэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Другая — гэта гадавіна сумнавядомага рэфэрэндуму 1996 году. Тады Лукашэнка зьмяніў Канстытуцыю, і, фактычна, з гэтага дня вядзе свой адлік аўтарытарны, недэмакратычны рэжым, непрызнаны цывілізаванымі краінамі.

У гэты дзень мы зьбіраемся правесьці масавую акцыю пад назвай „Сыходзь!“. Асноўны яе сэнс у тым, што Лукашэнка ня мае права ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Мы супраць таго, каб незаконнае кіраваньне Лукашэнкі працягвалася далей».
24 лістапада адбудуцца агледзіны таго патэнцыялу, які ёсьць у дэмакратычных сілаў для зьмены сытуацыі

На думку Зьмітра Дашкевіча, акцыя 24 лістапада стане генэральнай рэпэтыцыяй Плошчы:

Зьміцер Дашкевіч
"Без арганізацыі Плошчы ніводная электаральная кампанія, а тым больш такая важная, як прэзыдэнцкія выбары, ня мае ў Беларусі ніякага значэньня. Па той прычыне, што існы беларускі рэжым будзе лічыць галасы па-сапраўднаму толькі тады, калі мы будзем адстойваць іх на Плошчы. Таму мы заклікаем усіх дэмакратычных кандыдатаў, палітычныя сілы не падманваць людзей, што ў нас нібыта існуюць выбары, і заклікаць людзей на Плошчу.

Мы мяркуем, што 24 лістапада адбудуцца агледзіны таго патэнцыялу, які ёсьць у дэмакратычных сілаў для зьмены сытуацыі, для самай галоўнай пратэстнай акцыі — 19 сьнежня".

Выбарчае заканадаўства мае толькі адно абмежаваньне па складзе ініцыятыўнай групы: яна не павінна быць меншай за 100 чалавек. І, каб зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты, трэба сабраць ня меней за 100 тысяч подпісаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.

Як паведамілі Свабодзе ў ЦВК, пакуль Віктар Цярэшчанка па-ранейшаму застаецца адзіным кандыдатам, хто падаў дакумэнты на рэгістрыцыю ініцыятыўнай групы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG