Глушакоў: 19 сьнежня — “гэта для ўладаў найбольш карысна”

Юры Глушакоў

Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 19 сьнежня. Як да гэтага ставяцца ў апазыцыі? Ці чаканая гэтая дата і ці спрыяльная для правядзеньня выбарчай кампаніі?

Паводле патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад Беларускай партыі «Зялёныя» Юр’я Глушакова, улады прызначылі дату выбараў на 19 сьнежня, бо «гэта для іх найбольш карысна». Ён адзначыў, што і для яго самога гэтая дата спрыяльная. Спадар Глушакоў пацьвердзіў намер ствараць ініцыятыўную групу, каб зьбіраць подпісы за сваё вылучэньне.

Таксама Юры Глушакоў распавёў пра ўчорашнюю сустрэчу з Рыгорам Кастусёвым, Аляксандрам Мілінкевічам і Алесем Міхалевічам.

«Размова там ішла пра палітычную сытуацыю ў краіне. Мы вырашылі наладзіць крыху цясьнейшае супрацоўніцтва з нагоды гэтай кампаніі. Кожны кандыдат будзе працаваць асобна, але будзем трымацца пэўных кантактаў і ўзгадненьняў па асобных пытаньнях. І калі гэта будзе магчыма ў рамках нашага партыйнага мандату — а мы з розных палітычных партый, — магчыма, мы будзем прымаць нейкія агульныя рэзалюцыі».

Паводле спадара Глушакова, пакуль нельга казаць пра нейкі блёк.

«Гэта, хутчэй, каардынацыя ў рамках супольнага, але шырокага фармату, які пакуль на нас асабіста ніякіх абавязкаў не накладае. Але галоўная мэта — гэта каардынацыя намаганьняў, каб мы адзін аднаму не перашкаджалі, не вялі канфрантацыі па тых пытаньнях, дзе гэтага можна пазьбегнуць. Магчыма, далей мы наладзім больш шчыльнае супрацоўніцтва».