Банкаўскаса вызвалілі. А што з крымінальнай справай?

  • БелаПАН
Па-ранейшаму невядомы лёс крымінальнай справы, распачатай у Беларусі ў дачыненьні да кіраўніка коннай паліцыі Вільнюса Лаймонаса Банкаўскаса.

У Генэральнай пракуратуры Беларусі БелаПАН аспрэчылі інфармацыю літоўскіх СМІ аб тым, што матэрыялы справы Банкаўскаса нібыта перададзеныя ў гэта ведамства. Нічога невядома аб крымінальнай справе Банкаўскаса і ў Гэнпракуратуры Літвы, а ў Камітэце дзяржбясьпекі Беларусі сытуацыю з вызваленьнем высокапастаўленага літоўскага паліцыянта па-ранейшаму не камэнтуюць.

Банкаўскас быў затрыманы 16 жніўня ў Ашмянах (Гарадзенская вобласьць) згодна з артыкулам 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі (затрыманьне па непасрэдна ўзьніклым падазрэньні ва ўчыненьні злачынства). У яго знайшлі 45,5 грама амфэтаміну. Паводле падазрэньня ў кантрабандзе (арт. 228 Крымінальнага кодэксу Беларусі) Банкаўскас быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар Горадні. 19 жніўня тэрмін утрыманьня літоўца пад вартай быў прадоўжаны да 10 сутак, а матэрыялы яго крымінальнай справы перададзены ва ўпраўленьне КДБ па Гарадзенскай вобласьці.

Сваякі затрыманага сьцьвярджалі, што наркотыкі яму падкінулі, а некаторыя літоўскія СМІ паведамілі пра нібыта вярбоўку літоўскага паліцэйскага беларускімі спэцслужбамі. У КДБ Беларусі гэтую інфармацыю адмаўлялі.

25 жніўня Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў (ЦІГС) КДБ Беларусі афіцыйна паведаміў пра вызваленьне Банкаўскаса. "Грамадзянін Літвы Лаймонас Банкаўскас вызвалены з-пад варты сьледчым тэрытарыяльнага органу КДБ Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з ч. 4 арт. 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь па ўзгадненьні з пракуратурай Гарадзенскай вобласьці", — паведамлялася ў прэс-рэлізе, разьмешчаным на сайце КДБ.

Чацьвертая частка артыкулу 119 КПК абвяшчае: "Мера стрыманьня адмяняецца, калі ў ёй зьнікае далейшая неабходнасьць, або зьмяняецца на больш строгую ці больш мяккую, калі гэта выклікаецца абставінамі крымінальнай справы".