Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкаўскас будзе знаходзіцца пад вартай як мінімум да 26 жніўня


Тэрмін утрыманьня пад вартай камандзіра муніцыпальнай коннай паліцыі пры Віленскім галоўным камісарыяце Лайманаса Банкаўскаса працягнуты да 10 сутак. Пра гэта паведаміў кіраўнік Цэнтра інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Аляксандр Антановіч.

Нагадаем, Банкаўскас быў затрыманы 16 жніўня ў Ашмянах (Гарадзенская вобласьць). У яго знайшлі 45,5 граму амфэтаміну. Банкаўскас падазраецца ў парушэньні артыкулу 228 Крымінальнага кодэксу Беларусі (кантрабанда) і артыкулу 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі (затрыманьне паводле непасрэдна ўзьніклага падазрэньня ва ўчыненьні злачынства). Літоўскі паліцыянт ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары Горадні.

Паколькі гаворка ідзе пра кантрабанду, расьсьледаваньне справы было перададзена мытнікамі тэрытарыяльнаму органу КДБ, гэта значыць Упраўленьню КДБ па Гарадзенскай вобласьці. Аляксандр Антановіч пацьвердзіў гэтую інфармацыю.

Сваякі Банкаўскаса сьцьвярджаюць, што амфэтамін яму падкінулі. Яны, а таксама калегі затрыманага не выключаюць, што Банкаўскаса спрабавалі вэрбаваць беларускія спэцслужбы.

У пасольстве Літвы сытуацыю пакуль не камэнтуюць.

19 жніўня прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце выказала надзею, што "кіраўніцтва Беларусі, разумеючы далікатнасьць становішча, забясьпечыць хуткае і аб'ектыўнае расьсьледаваньне". "Гэты інцыдэнт не павінен нанесьці шкоды разьвіцьцю двухбаковых дачыненьняў паміж краінамі", — падкрэсьліла Грыбаўскайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG