Актывісты “Маладой Беларусі” пацярпелі за Бакіева

Актывісты «Маладой Беларусі» пакараныя за пратэст супраць знаходжаньня ў Беларусі былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Суд Цэнтральнага раёну Менску даў тром удзельнікам пікету штрафы ў памеры ад 0,5 да 20 базавых велічыняў. Актывісты «Маладой Беларусі» гэтае рашэньне называюць несправядлівым і маюць намер яго абскарджваць.
Напярэдадні Міхаіл Наскоў, Аляксей Атрошчанка і Андрэй Кузьмінскі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатамі супраць знаходжаньня ў Менску зрынутага кіргізскага прэзыдэнта. Вось як мэту акцыі патлумачыў Аляксей Атрошчанка:

«Мы супраць таго, што былы прэзыдэнт Кіргізстану быў прыняты ў Менску і зараз тут знаходзіцца. Гэта міжнародны злачынца, які зрабіў шмат шкоды супраць свайго народу, і гэтым пікетам мы хацелі сваё меркаваньне выказаць».

Мінулую ноч затрыманыя правялі ў турме на вуліцы Акрэсьціна, а затым судзьдзя Вольга Карнюшка пакарала Аляксея Атрошчанку і Міхаіла Наскова на палову базавай велічыні, альбо 17.500 беларускіх рублёў. Андрэй Кузьмінскі, які атрымаў штраф у памеры 20 базавых велічынь альбо 700 тысяч рублёў, пакараньне лічыць несправядлівым, але абскарджваць будзе сваё знаходжаньне ў турме:

Я выказаў сваё меркаваньне, а мяне за гэта аштрафавалі на 700 тысяч.
«Я выказаў сваё меркаваньне, а мяне за гэта аштрафавалі на 700 тысяч. Не, я з гэтым ня згодны. Я таксама буду пісаць скаргу на ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна. Мяне, да прыкладу, зьмясьцілі ў вялікую камэру, дзе было халодна і галодна».

Падтрымаць сваіх паплечнікаў у суд прыйшлі шэраг актывістаў розных палітычных партый і рухаў, у тым ліку лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, які гэтак пракамэнтаваў вынесенае актывістам пакараньне:

«Гэтыя прысуды ў прынцыпе незаконныя, бо людзі выйшлі выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю супраць знаходжаньня былога прэзыдэнта Кіргізстану ў Менску. Рэакцыя ўладаў была досыць жорсткай таму, што гэта тычыцца непасрэдна Аляксандра Лукашэнкі, бо ён прымаў рашэньне прымаць Бакіева. Ніводная краіна ў сьвеце гэтага не зрабіла, і гэтую тэму мы зараз будзем уздымаць».

Былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі. У амбасадзе Кіргізстану паведамілі, што патрабаваньняў аб ягонай выдачы ўладам Беларусі не выстаўлялася.

Андрэй Кузьмінскі (у чырвоным) ля будынку суду.