На збор подпісаў — зь вершамі

Уладзімер Рамановіч

Актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч, які хоча балятавацца ў Віцебскі гарсавет, зьбіраецца праводзіць сьвяточныя акцыі да 8 сакавіка проста на сваіх пікетах па зборы подпісаў.
Уладзімер сам піша вершы і прапануе ўсім ахвотным да 6 сакавіка дасылаць яму ўласныя творы пра жаночую прыгажосьць, вясну і каханьне. А з 6 па 10 сакавіка ён абяцае самыя прыгожыя і рамантычныя вершы разьмясьціць на плякатах, зь якімі выходзіць на пікеты.

Хлопец мяркуе, што задуманая ім акцыя будзе мець вялікі рэзананс, бо ў той акрузе, дзе ён зьбірае подпісы, месьцяцца некалькі студэнцкіх інтэрнатаў і Віцебскі тэхналягічны ўнівэрсытэт. Таму віншаваньні ў вершах, на ягоную думку, будуць незвычайным падарункам дзяўчатам-студэнткам, а таксама выкладчыцам і нават супрацоўніцам інтэрнатаў, у якія так упарта ня хочуць пускаць зьбіральнікаў подпісаў зь ягонай ініцыятыўнай групы.