Лідэры Эўразьвязу і ЗША павіншавалі Януковіча

Кіраўнікі Эўрапейскага зьвязу і ЗША сёньня павіншавалі Віктара Януковіча зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах ва Украіне.

Прэзыдэнт Эўразьвязу Гэрман Ван Ромпэй у лісьце да Януковіча напісаў, што “выбары адбыліся ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі”. Старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу ў сваім звароце заяўляе, што Эўразьвяз будзе працягваць аказваць Украіне палітычную, эканамічную, фінансавую і тэхнічную дапамогу. Віншавальнае пасланьне накіраваў таксама прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Заяву пра свабодны выбар Украіны зрабіла таксама Францыя, да віншаваньняў далучыўся і прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.