Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паміж Лукашэнкам і Януковічам няма вялікай сымпатыі”


Якія прычыны прывялі да перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне Віктар Януковіча? Як у новага ўкраінскага прэзыдэнта могуць скласьціся дачыненьні з афіцыйным Менскам? Чаму асабістыя адносіны Лукашэнкі і Януковіча на гэты момант зьяўляюцца ня вельмі прыязнымі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць публіцыст Аляксандар Фядута і шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

Андрэй Дынько
Аляксандар Фядута
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Наколькі нечаканай для вас стала перамога Віктара Януковіча? Калі я чытаў украінскія сайты, то сустракаў, як некаторыя прадстаўнікі памаранчавых спасылаліся на сацыялягічныя дасьледаваньні, якія паказвалі, што большасьць гатовая была галасаваць за дэмакратычнага, праэўрапейскага кандыдата. Аднак, як выглядае, перамогу атрымаў кандыдат зь іншымі поглядамі. Чаму так адбылося?

«Перамога Януковіча — вынік прэзыдэнцтва Юшчанкі»


Фядута: На мой погляд, тое, што адбылося — гэта вынік расчараваньня дэмакратычнага электарату ў тым, што рабіла памаранчавая ўлада цягам апошніх гадоў. Тут і асабістае расчараваньне, бо для прыхільнікаў Віктара Юшчанкі Юлія Цімашэнка — гэта менавіта тая асоба, якая зруйнавала памаранчавы блёк. А для тых, хто ўжо адмовіўся ад падтрымкі Юшчанкі, Цімашэнка, якая значна больш радыкальная ў сваіх кроках, тым больш не дае падставаў галасаваць за яе. Адсюль вынікае, што частка дэмакратычнага электарату проста не пайшла на выбары.

А «бела-блакітны» электарат Віктара Януковіча зьявіўся ўвесь, бо для гэтых людзей гэта магчымасьць адказаць на выклік Майдану, на выклік 2004-05 году. У цэлым тое, што адбылося — гэта вынік прэзыдэнцтва Віктара Юшчанкі.

Цыганкоў: Але гэтыя людзі з памаранчавага электарату, якія не прышлі галасаваць альбо галасавалі «супраць усіх» — ці ня дзейнічалі яны паводле прынцыпу «дык не даставайся ж ты нікому»? Можа гэта проста безадказныя палітычныя паводзіны?

Фядута: Я думаю, яны сыходзілі з таго, што сказаў у сваёй апошняй прамове Віктар Юшчанка, які заявіў, што як бы не прагаласавалі ўкраінцы ў другім туры, ім будзе сорамна за вынікі галасаваньня. Магчыма, гэтыя людзі проста вырашылі — няхай нам будзе сорамна за вынікі галасаваньня іншых.

«Юшчанка — найбольшае расчараваньне ў сусьветнай палітыцы»


Дынько: Прычына перамогі Януковіча — ня толькі ў расчараваньні электарату, а таксама ў расчараваньні палітычнага клясу тым, як кіравалі краінай Юшчанка і Цімашэнка. Я чуў, напрыклад, ад Паўла Дэмеша, кіраўніка нямецкага «Фонду Маршала», меркаваньне, што Юшчанка — гэта найбольшае расчараваньне ў сусьветнай палітыцы ў «нулявых» гадах. Бо крэдыт даверу ў яго быў неабмежаваны — і гатоўнасьць падтрымліваць яго і ўнутры і за межамі краіны была бясконцай. Замест гэтага ён загруз (а разам зь ім і Цімашэнка) у бясконцых перацягваньнях коўдры на сябе.

Януковіч набраў большасьць, але ягоны вынік вельмі сьціплы. Гэта яшчэ раз паказала, што як публічны палітык ён вельмі слабы. Ад Цімашэнкі не чакалі такога высокага выніку ў другім туры, яна амаль дагнала Януковіча.

Украіна зноў падзялілася на Захад і Ўсход. Але варта адзначыць, што няхай толькі на некалькіх працэнтаў, аднак гэтая палярызацыя згладзілася. Януковіч на некалькі працэнтаў атрымаў болей на Захадзе краіны, а Цімашэнка на некалькі працэнтаў болей у Крыме і Данбасе.

Хоць у цэлым падзел Украіны застаецца: на тыя вобласьці, якія калісьці належалі да супольнай дзяржавы ўкраінцаў, літоўцаў, беларусаў і палякаў — Рэчы Паспалітай, і тыя, якія калянізаваліся пасьля, з рухам украінцаў з поўначы і расейцаў з усходу. У гэтыя вобласьці ўкраінская ідэя яшчэ не пранікла да канца.

«Беларусь зацікаўленая ў моцнай Украіне»


Цыганкоў: Што азначае перамога Януковіча для афіцыйнага Менску? Ці будзе ён зручным партнэрам беларускаму прэзыдэнту? Ці спадабаецца Лукашэнку такі выбар украінцаў?

Фядута: На мой погляд, ня вельмі спадабаецца. Менавіта таму, што Януковіч будзе абапірацца на тую ж інтэграцыйную рыторыку, на якую абапіраецца Лукашэнка. І беларускі прэзыдэнт пакуль не гатовы з гэтым ужыцца, бо ён прызвычаіўся быць адзіным і непаўторным.

Справа ня ў тым, што Януковіч лепшы прамоўца за Лукашэнку. Вядома, што горшы. Але 45 мільёнаў украінцаў — гэта не 9,5 мільёнаў беларусаў. І вага слоў новага прэзыдэнта Ўкраіны будзе значна большай. Тым больш калі гэтыя словы будуць зьвернутыя да Крамля. У гэтым сэнсе для Лукашэнкі гэта менш зручны партнэр.

Што б не казаў Януковіч, але ён меншы папуліст чым Лукашэнка і яшчэ меншы чым Цімашэнка. А двум папулістам з агульнай мэтай (Цімашэнка і Лукашэнка) было б вельмі проста дамаўляцца і наконт тарыфаў, і ўсяго іншага.

Цыганкоў: Як доказ вашых словаў дастаткова ўзгадаць, якімі напружанымі доўгія гады былі стасункі паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Яна абодва канкуравалі на полі, хто лепшы інтэгратар на постсавецкай прасторы. Ці можна чакаць пэўнай канкурэнцыі на гэтым полі паміж Лукашэнкам і Януковічам?

Усё ж Януковіч разумее, што ён прэзыдэнт паловы ўкраінцаў, якія кіруе ўсёй Украінай.
Фядута: Ня думаю, што тут будзе канкурэнцыя. Усё ж Януковіч разумее, што ён прэзыдэнт паловы ўкраінцаў, якія кіруе ўсёй Украінай. Таму ягоныя крокі будуць павольныя, спакойныя, і накіраваныя на тое, каб не справакаваць унутранага канфлікту.

Цыганкоў: Андрэй, як могуць скласьціся адносіны паміж прэзыдэнтамі Беларусі і Ўкраіны?

Дынько: Тое, што вялікай асабістай сымпатыі паміж імі няма, — стала зразумела яшчэ ў 2004 годзе, калі, у адрозьненьні ад Масквы, Лукашэнка не падтрымаў Януковіча. Адносіны Лукашэнкі і Юшчанкі былі вельмі добрыя, бо Юшчанка, відаць, выконваў ролю пэўнага лябіста афіцыйнай Беларусі на Захадзе, і Лукашэнка неаднаразова за гэта яму публічна дзякаваў. Нават тады, калі ўсе ва Ўкраіне ставіліся да Юшчанкі як да «кульгавай качкі».

У той жа час і пры Кучму, і пры Юшчанку адносіны Беларусі і Ўкраіны заставаліся больш-менш стабільнымі. Гэта відаць, той выпадак, калі замежная палітыка ўжо ня так залежыць ад палітыкі ўнутранай. Ключавое пытаньне — гэта каардынацыя транзытнай палітыкі двух краінаў. І пры Кучму і пры Юшчанку гэтай каардынацыі не адбывалася ў той ступені, у якой гэта магло быць. Маскве ўдавалася досыць добра гуляць на эгаістычных інтарэсах.

Але ў цэлым можна сказаць, што Беларусь зацікаўленая ў моцнай Украіне. Бо калі нейкая дзяржава аслабляецца, выпадае з шэрагу краінаў Усходняй Эўропы, то горш становіцца ўсім дзяржавам рэгіёну. А сёньня такім слабым пунктам Усходняй Эўропы стала менавіта Ўкраіна. І ў гэтым сэнсе калі Януковіч забясьпечыць больш устойлівы эканамічны рост Украіны, то гэта пойдзе і на карысьць Беларусі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG