Прызначаны дзень новага суду над Андрэем Бандарэнкам

Андрэй Бандарэнка

Андрэя Бандарэнку пачнуць другім разам судзіць 1 лютага ў тым жа Першамайскім судзе Менску, дзе ў кастрычніку мінулага году ўжо адбыўся першы працэс над прадпрымальнікам.
Пра гэта «Свабодзе» паведаміў адвакат Зьміцер Лаеўскі. Працэс будзе весьці судзьдзя Тацяна Равінская.

Нагадаем, 15 сьнежня Менскі гарадзкі суд па скарзе Андрэя Бандарэнкі адмяніў ранейшы прысуд, які вынес прадпрымальніку судзьдзя Леанід Ярмоленкаў. Паводле першага прысуду Андрэй Бандарэнка быў прызнаны вінаватым у крадзяжы маёмасьці сваёй былой фірмы і асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Прадпрымальнік сваёй віны не прызнаў і тлумачыў перасьлед помстай за ягоны ўдзел у парлямэнцкіх выбарах. Адвакат на працэсе казаў, што віна ягонага падабароннага не пацьвярджаецца пэўнымі доказамі.

У сьледчым ізалятары Андрэй Бандарэнка трымаў 20-дзённую галадоўку, а калі ў канцы лістапада быў пераведзены ў Бабруйскую калёнію, то адмовіўся падпісваць абавязаньне аб выпраўленьні і двойчы трапляў у карцэр.

Адвакат Зьміцер Лаеўскі не выключае, што зьвесткі пра адмену прысуду Бандарэнку прыйшлі ў калёнію, калі той знаходзіўся ў карцэры. Між тым Андрэя Бандарэнку, які лічыцца толькі падсьледным, а не асуджаным, дагэтуль не перавялі з бабруйскай калёніі ў менскі сьледчы ізалятар.