Адвакат Сапелка: Нам забаранілі капіяваць дакумэнты справы

24 сьнежня абвінавачаныя ў падрыхтоўцы тэракту Мікалай Аўтуховіч і Уладзімер Асіпенка завяршылі азнаямленьне з матэрыяламі справы.
Павал Сапелка
З матэрыяламі крымінальнай справы Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка пачалі знаёміцца на пачатку сьнежня. Вядома, што сьледзтва пачалося яшчэ ў лютым, справа налічвае 17 тамоў. Адвакат Павал Сапелка называе сабраныя доказы «нічога ня вартымі» і сёньня ж зьбіраецца накіраваць у міліцыю хадайніцтва аб прыпыненьні крымінальнага перасьледу Мікалая Аўтуховіча. Павал Сапелка мяркуе, што міліцыя даўно мусіла справу супроць Аўтуховіча закрыць і папрасіць прабачэньня ў прадпрымальніка:

«А замест гэтага сьледзтва незразумелымі мэтадамі, незразумелымі шляхамі, якія далёкія ад законных і абгрунтаваных, зьбірала бачнасьць таго, што можа стаць апраўданьнем для амаль ужо гадавога знаходжаньня чалавека ў турме. А паводле вынікаў азнаямленьня сьледзтва нават пабаялася дазволіць нам скапіяваць матэрыялы, якія нас цікавяць у справе.
Верагодна, людзям сорамна за тое, што яны напрацавалі за гэтыя 10 месяцаў.
Верагодна, людзям сорамна за тое, што яны напрацавалі за гэтыя 10 месяцаў».

Адмову ў капіяваньні дакумэнтаў справы Павал Сапелка называе незаконнай. Паводле адваката, яму пакуль адмовілі вусна, а без пісьмовай адмовы ён ня можа назваць прычыны, на якія спасылаецца сьледзтва. Адвакат кажа, што бяз копій матэрыялаў справы значна ўскладніцца абарона Аўтуховіча ў судзе:

«Каб добра ўяўляць справу ў разьвіцьці, трэба мець на руках усе матэрыялы ў сыстэматызаваным стане. Мы вельмі спадзяваліся, што ў нас будуць пратаколы сьледчых дзеяньняў у копіях. Тым больш — закон не забараняе гэтага, а нават наадварот, прадпісвае».

Паводле адваката Паўла Сапелкі, сьледчыя, верагодна, апасаюцца, сярод іншага, што копіі дакумэнтаў справы калі-небудзь стануць вядомыя грамадзкасьці.

Сёньня ж скончылі знаёміцца са справай саўдзельнік Аўтуховіча, паводле сьледчых, — Уладзімер Асіпенка і ягоная абаронца Тамара Сідарэнка. Адвакатка паведаміла:

Тамара Сідарэнка
«Пачуваецца ён нармальна. А што да справы, дык абураецца, кажа, што гэта трызьненьне. Гэтак называе абвінавачаньне і ўсю справу».

Тамара Сідарэнка паведаміла, што таксама падрыхтавала хадайніцтва аб прыпыненьні справы супроць Асіпенкі, бо лічыць ягоную віну не даказанай сьледчымі. Адвакатка накіравала і хадайніцтва аб вырабе копій матэрыялаў справы, на якое пакуль няма адказу.

Адвакатка Тамара Сідарэнка мяркуе, што працэс па справе Аўтуховіча і Асіпенкі прызначаць на люты наступнага году:

«Нашы такія разьлікі, што ў студзені справа патрапіць у пракуратуру і ў суд. Месяц прыкладна пойдзе на вывучэньне. Такім чынам, у лютым магчымы працэс. Але гэта — нашы меркаваньні».

Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка
былі арыштаваныя 8 лютага паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Пазьней іх абвінавацілі таксама ў падрыхтоўцы тэрактаў супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко. Вядома, што Аўтуховіч і Асіпенка сваёй віны не прызнаюць. Цягам трох месяцаў прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць перасьледу, які тлумачыць помстай за антыкарупцыйную дзейнасьць.