Ці будзе Лукашэнка на Грунвальдзкім полі?

Алесь Краўцэвіч

Гарадзенскі гісторык і пісьменьнік прафэсар Алесь Краўцэвіч сёньня ўвечары сустрэўся са сваімі чытачамі. Ён назваў тэму вечарыны — «Горадня. Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае». Яна адбылася ў памяшканьні Таварыства беларускай школы.
Алесь Краўцэвіч, у прыватнасьці, гаварыў пра ролю ВКЛ у лёсе беларусаў, пра Грунвальдзкую бітву. Ахвотныя маглі падпісаць у аўтара яго новую кнігу «Рыцары і дойліды Гародні», што выйшла ў «Гарадзенскай бібліятэцы», заснаванай Рухам «За свабоду».

— Гэта ня першая сустрэча Алеся Краўцэвіча з чытачамі. Пра што ён вырашыў распавесьці ім сёньня?

— Пра тэмы, што былі заўжды актуальныя ў Беларусі, гэта —Вялікае Княства Літоўскае, Горадня ў ВКЛ, пра месца Беларусі ў Вялікім княстве, увогуле — якое месца гэтая дзяржава займае ў нашай сьвядомасьці, у нашай гістарычнай памяці. Гэта пастаянная балючая беларуская тэма, таму што мы маем гэта ў сьвядомасьці, інтэлігенцыя, людзі, якія хочуць думаць, а дзяржаўная ўлада выкараняе гэтую сьвядомасьць з галоваў. Я распавяду таксама пра кнігу «Рыцары і дойліды Гародні.

— У наступным годзе вялікая гадавіна Грунвальдзкай бітвы, што адбылася 15 ліпеня 1410 году. Як было б варта беларусам удзельнічаць у сьвяткаваньні і прагноз — як насамрэч будзе?

— Найлепш выглядала б, каб пад бел-чырвона-белым сьцягам на Грунвальдзкім поле быў Аляксандар Лукашэнка. Але, натуральна яго там ня будзе, а будуць, як звычайна, прэзыдэнт Польшчы і прэзыдэнт Літвы. У Беларусі яна будзе адзначацца, гэтая падзея, але — грамадзкім чынам, як заўжды, як сёлета адзначалася 1000-годзьдзе Літвы.

— А ці ня будуць беларускія ўлады забараняць адзначаць 600-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы?

— Я думаю, ня будуць, у межах гэтага нібы дыялёгу з Эўропай не павінна быць такіх відавочных забаронаў, разгону мітынгу, напрыклад, каля гарадзенскага помніка Грунвальдзкай бітвы. Улада робіць ціхія выкраданьні, нібыта невядома хто — як гэтых маладзёвых актывістаў, якіх сёньня выкрадаюць. Улада, яна яна баязьлівая. Выкралі маладых людзей, вывезьлі за горад, і быццам не вядома, хто выканаў, улада ні пры чым. А калі разганяць мітынг, прысьвечаны Грунвальдзкай бітве, гэта ўжо ўлада разганяе, гэта ўжо перад Эўропай будзе сорамна, так што думаю, разгонаў такіх ня будзе».