Більт абараняў Шапуцьку. Мартынаў апраўдваўся

Сяргей Мартынаў

Пытаньне пра выключэньне з БДУ моладзевай актывісткі Тацяны Шапуцькі ўздымалася на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў у Брусэлі. Пра гэта паведаміў Карл Більт, міністар замежных справаў Швэцыі – краіны, якая старшынюе ў Эўразьвязе.

Більт заявіў, што будзе "абсалютна непрымальна", калі выключэньне з ВНУ адбылося з прычыны ўдзелу Шапуцькі ў Форуме грамадзянскай супольнасьці праграмы “Ўсходняга партнэрства”. Гэтае мерапрыемства прайшло ў Брусэлі 16-17 лістапада.

Кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў адзначыў, што "адлічвае не ўрад, а ВНУ". Ён падкрэсьліў, што прычынай адлічэньня стала "колькасьць пропускаў".

На гэта Більт адказаў, што "з кіраўніцтвам ВНУ зьвязаліся прадстаўнікі праваахоўчых органаў". "Яны, вядома, маглі цікавіцца яе пропускамі, але звычайна гэта не ўваходзіць у іх абавязкі", – заявіў швэдзкі міністар.

Карл Більт, Тацяна Шапуцька, Бэніта Фэрэра-Вальднэр падчас Форуму грамадзянскай супольнасьці, Брусэль, лістапад 2009. Фота: Facebook Тацяны Шапуцькі

Нагадаем, прэсавую сакратарку “Маладога фронту” Тацяну Шапуцьку адлічылі зь Белдзяржунівэрсытэту. Дзяўчына вучылася на юрыдычным факультэце. Яна прадстаўляла арганізацыю на паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў "Усходняга партнэрства".