У Горках ад пнэўманіі памерла мэдсястра

На Магілёўшчыне закрыта на каранцін 218 устаноў адукацыі: 197 школ, 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы, 7 каледжаў, 6 гімназіяў, 2 дзіцячыя садкі ды адзін цэнтар рэабілітацыі. Калі скончацца ў школьнікаў канікулы, пакуль ня вызначана.
Дзеці ня ходзяць у школу ў Магілёве, Бабруйску і шэрагу раёнаў вобласьці. Вакацыі пакуль спыненыя толькі ў школах Горацкага раёну. Тым часам на Бялыніччыне колькасьць закрытых на каранцін школ павялічваецца. Афіцыйныя крыніцы сёньня паведамілі пра закрыцьцё ў раёне Сьвяцілавіцкай сярэдняй школы.

Паводле Магілёўскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, у рэгіёне праз захворваньні на грып і вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 5831 чалавек. Сорак працэнтаў зь іх — дзеці.

У рэгіёне шпіталізавана 117 чалавек, зь іх 71 дзіця.

Найбольш складаная сытуацыя — у Асіповіцкім, Крычаўскім, Горацкім раёнах. Тут агулам хварэюць каля тысячы чалавек.

Санітары адзначаюць, што ўчора па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 9832 чалавекі. Сёмага ж лістапада такой дапамогі шукалі 4776 чалавек. Амаль палова зь іх — дзеці да сямнаццаці гадоў.

Пра хворых на гэтак званы сьвіны грып афіцыйна другі дзень нічога не паведамляецца. Апошні раз у панядзелак мэдыкі прызнавалі дзесяць выпадкаў. Сярод хворых было адзінаццацігадовае дзіця.

Факт сьмерці горацкай мэдсястры ад двухбаковай пнэўманіі афіцыйна не прызнаны. Вядома, што яна памерла ў Магілёўскай абласной бальніцы пры канцы мінулага тыдня. 11 лістапада ў мэдычнай установе паведамілі, што пнэўманія можа быць вынікам ускладненьня ад грыпу.