Для Эўрапейскага форуму няма памяшканьня

Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч бліжэйшым часам паўторна зьвернецца да ўласьнікаў буйных заляў Менску. Ён папросіць іх знайсьці магчымасьць і прадаставіць залю для правядзеньня Беларускага Эўрапейскага форуму.
Такое рашэньне прынятае пасьля сустрэчы намесьнікаў Мілінкевіча з прадстаўнікамі ідэалягічнай управы сталічнага гарвыканкаму:

“Яны паведамілі, што не маюць нічога супраць правядзеньня мерапрыемства і гатовыя разгледзіць магчымасьць правядзеньня яго ў сталіцы, калі будзе атрымана папярэдняя дамоўленасьць з уласьнікам ці распарадчыкам памяшканьня”,-- сказаў сёньня “Свабодзе” намесьнік Мілінкевіча Віктар Карняенка.

Правядзеньне Беларускага Эўрапейскага форуму заплянаванае на 14 лістапада.