У Лукашэнкі на выбарах будзе 9 канкурэнтаў?

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла карэспандэнту “Свабоды”, што бюджэт прэзыдэнцкіх выбараў 2011 году разьлічаны на 10 кандыдатаў.
На правядзеньне выбараў заплянавана 37,7 мільярда рублёў.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, 10 чалавек — гэта тая колькасьць, якая звычайна бярэцца пры разьліку бюджэту прэзыдэнцкіх выбараў:

— Мы лічым, што больш наўрад ці будзе. Гэта проста з вопыту правядзеньня выбарчых кампаній. Наколькі я памятаю, самыя альтэрнатыўныя выбары ў пляне колькасьці кандыдатаў у нас былі ў 1994 годзе. І то кандыдатаў было сямёра.

— Але магчыма, што пасьля доўгага пэрыяду, калі абяцаныя яркія выбары, больш грамадзянаў захоча вылучыцца?

— Яны захочуць. Але сабраць 100 тысяч подпісаў, каб стаць кандыдатам і атрымаць гэтую суму — вельмі цяжка. Таму я сумняваюся, што больш за 10 чалавек змогуць сабраць па 100 тысяч подпісаў.

— А калі такая сытуацыя ўзьнікне, тады што будзе?

— У нас ёсьць рэзэрвы. Таму няма праблемы прафінансаваць і большую колькасьць.

Сума сродкаў на прэзыдэнцкія выбары 2011 году большая параўнальна зь мінулай аналягічнай выбарчай кампаніяй. Паводле спадарыні Ярмошынай, выбары 2006 году каштавалі да 30 мільярдаў, але паколькі яны прайшлі ў адзін тур, то ўдалося ўкласьціся ў 20 мільярдаў.

— Колькі тураў будзе ў 2011 годзе?

— Ну, мы заплянавалі грошы і на другі тур. 37,7 мільярда — гэта агульная сума на два туры. Мы заўсёды плянуем усё па максымуме.

— Праект закону аб зьменах выбарчага заканадаўства накіраваны ў Палату?

— Не. Ён яшчэ нават ня ўхвалены кіраўніком краіны, не падпісаны. Пакуль агавораны былі толькі ключавыя кропкі. Мы толькі на наступным тыдні перадамо яго ў адміністрацыю.

— Апазыцыя абмяркоўвае, што вы казалі, і яны кажуць, што няма яснасьці, ці ўвойдуць прадстаўнікі апазыцыі ў выбаркамы?

— Справа ў тым, што гэта ж ня пішацца ў законе — увойдзе апазыцыя ці не. У законе пішуцца гарантыі. У якасьці гарантый там пазначана, што ня менш за адну траціну складу камісій павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў. Таму ўсё залежыць ад тых прапаноў, якія будуць паступаць у выканкамы.

— І пытаньне адносна таго, наколькі назіральнікі змогуць маніторыць падлік галасоў. Гэта мяркуецца зь нейкай там адлегласьці, пяці мэтраў, ці што?

—
Датэрміновае галасаваньне адменена ня будзе. Яно будзе праходзіць на тых жа ўмовах.
Няма там ніякай адлегласьці, ні мэтраў, нічога. Мы прапануем скарыстаць тую норму, якая ёсьць у канвэнцыі аб стандартах свабодных і справядлівых выбараў, дзе пазначана, што назіральнік павінен знаходзіцца ва ўмовах, якія дазваляюць яму назіраць працэдуру падліку.

— І пытаньне адносна датэрміновых выбараў — альбо наогул адмяніць, альбо жорстка рэглямэнтаваць датэрміновае галасаваньне, як прапануе апазыцыя?

— Не, датэрміновае галасаваньне адменена ня будзе. Яно будзе праходзіць на тых жа ўмовах. Умовы ўдзелу ў іх будуць тыя ж, што і цяпер. Адзінае, што падвышаецца празрыстасьць усіх яго працэдур.

Апошнія мясцовыя выбары адбыліся 14 студзеня 2007 году. І паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых органаў улады завяршаюцца 14 студзеня 2011 году.

— Чаму выбары мяркуецца правесьці ў красавіку 2010-га?

— Паколькі выбары павінны праходзіць не пазьней, чым за месяц да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў, то максымальна позьняя магчымая дата правядзеньня мясцовых выбараў — 13 сьнежня 2010 году. Папросту ў прэзыдэнта і ў дэпутатаў розныя тэрміны паўнамоцтваў, у 2006 × 2007 яны праходзілі з розьніцай у адзін год. Але паколькі там пяць гадоў, а тут чатыры, то так супала.