Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лабковіч: “Гэта ня тое, чаго мы чакалі”


Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
Менавіта так ацэньвае прапановы па зьмене выбарчага заканадаўства, якія назвала сёньня ў інтэрвію БелаПАН Лідзія Ярмошына, юрыст, экспэрт у галіне выбарчага заканадаўства Ўладзімер Лабковіч. Ён уваходзіць у склад экспэртнай групы АДС, якая рыхтавала свае прапановы як для Цэнтрвыбаркаму, так і для Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.

Спадар Лабковіч у размове са “Свабодай” найперш зьвяртае ўвагу на тое, што ўсё гэта, паводле спадарыні Ярмошынай, пакуль толькі ідэі. А што ад іх застанецца, пасьля таго, як дакумэнты патрапяць у Адміністрацыю прэзыдэнта, сказаць цяжка:

“Але нават калі старшыня ЦВК здолее правесьці ў жыцьцё свае прапановы, гэта будзе ня тое, што мы чакалі. Разгледзім некалькі канкрэтных рэчаў.

Спадарыня Ярмошына кажа, што “пры датэрміновым галасаваньні прадугледжана магчымасьць штодня складаць пратакол аб колькасьці грамадзянаў, якія атрымалі выбарчы бюлетэнь”. І што ад гэтага зьменіцца? Гэта зусім ня тое, што патрабавалі дэмакратычныя сілы і АБСЭ. Мы патрабавалі, каб былі жорстка, вельмі жорстка абмежаваны магчымасьці самога датэрміновага галасаваньня. Бо цяпер датэрмінова можа прагаласаваць любы выбарца. І ён нават можа не тлумачыць, чаму ён так робіць. І менавіта гэта дазваляе ўладам рабіць масавыя і татальныя фальсыфікацыі вынікаў выбараў падчас датэрміновага галасаваньня, і прымусова зганяць на яго людзей.

Яшчэ адна прапанова Лідзіі Ярмошынай: “уключыць у Выбарчы кодэкс норму пра тое, што назіральнік павінен назіраць за падлікам галасоў ва ўмовах, якія дазваляюць яму аглядаць гэту працэдуру”. Я вітаў бы такую зьмену, калі б яна насамрэч прывяла б да зьмяненьня практыкі падліку галасоў у Беларусі. Таму што сёньня назіральнік цалкам выключаны з працэсу падліку галасоў. Але ж у той фармулёўцы, якую прапануе спадарыня Ярмошына, таксама не гарантуецца, што назіральнік пабачыць і зможа сказаць, наколькі праўдзіва ідзе падлік галасоў. І мы, і АБСЭ прапаноўвалі пра пісаць гэту норму інакш, а менавіта, што назіральнік павінен стаяць на такой адлегласьці, каб ён бачыў волевыяўленьне выбарцаў у бюлетэні. Бо галоўнае, за чым павінен назіраць назіральнік, гэта тое, наколькі правільна лічацца галасы — не за тым, як паперкі перакладаюцца, а за тым, ці сапраўды галасы, пададзеныя за канкрэтнага кандыдата, улічваюцца яму, а ня іншаму кандыдату. Вось якая асноўная задача і місія назіральніка на гэтым этапе”.

Спадар Лабковіч скептычна выказаўся таксама і на адрас некаторых іншых прапановаў ЦВК. “Нам патрэбны прынцыповыя, а не касмэтычныя зьмены” — падкрэсьлівае экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG