Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Перастаноўка косак выбарчае заканадаўства ня зьменіць”


Многія рэгіянальныя актывісты апазыцыі, якія маюць досьвед удзелу ў шматлікіх выбарчых кампаніях мінулых гадоў, крытычна ставяцца да абяцаньняў улады лібэралізаваць выбарчае заканадаўства.


ГОМЕЛЬ


Выбарчае заканадаўства мусіць быць рэфармаванае пад патрэбы часу


Гомельскі каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора заяўляе, што ня верыць у сапраўднае рэфармаваньне Выбарчага кодэксу:

“Калі нават унясуць нейкія зьмены ў выбарчае заканадаўства, то я ня веру, што на практыцы нешта кардынальна памяняецца”.

Паводле спадара Кацоры, патрэбныя не касмэтычныя зьмены, не перастаноўка косак, а сапраўднае рэфармаваньне:

Уладзімер Кацора
“Трэба ня коскі перастаўляць у выбарчым заканадаўстве — патрэбны кардынальныя зьмены. Гэта — адмена датэрміновага галасаваньня. Гэта — рэальнае ўключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі. Гэта — ня толькі 5 хвілінаў выступаў кандыдата на радыё й тэлебачаньні й адзін матэрыял у нейкай газэце, а гэта рэальны доступ на тэлебачаньне ня толькі кандыдатаў, але й прадстаўнікоў палітычных партыяў. І тут варта дадаць: кандыдаты ў дэпутаты й прэзыдэнты павінны мець рэальную магчымасьць сустрэчы з выбарцамі, а не з дазволу райвыканкамаў, як гэта зараз робіцца”.

МАГІЛЁЎ

“Тое, што плянуецца зрабіць, — гэта касмэтыка”


Грамадзкія актывісты з Магілёўшчыны таксама не спадзяюцца на лібэралізацыю выбарчага заканадаўства. Што тычыцца ўдзелу ў выбарчых кампаніях, то тут няма адназначнай думкі.

Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў сьцьвярджае, што бліжэйшыя выбарчыя кампаніі ня будуць адрозьнівацца ад папярэдніх. Палітык упэўнены, што лібэралізацыі выбарчага заканадаўства ня будзе:

“Лукашэнка неаднойчы казаў, што ня будзе саступак у выбарчым заканадаўстве. Тое, што плянуецца, — гэта касмэтыка. Трэба больш сур’ёзна ставіцца да выказваньняў Лукашэнкі. Апазыцыя плянуе на гэтыя месяцы праймэрыз, а ён выбары арганізуе. У выбарах нельга ўдзельнічаць. Ня будзе нікога з апазыцыі ў саветах і гэтак далей. Апазыцыяй пакарыстаюцца, і ўсё”.

Былы дэпутат Бабруйскага гарсавету Аляксандар Чыгір таксама лічыць, што выбары ня будуць роўнымі і справядлівымі:

Аляксандар Чыгір
“Учора, дарэчы, спадарыня Ярмошына цьвердзіла: маўляў, мы будзем ствараць спрыяльныя ўмовы для нашых апанэнтаў. У старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі ня можа быць апанэнтаў. Трэба падыходзіць да гэтай кампаніі вельмі канкрэтна. Калі чалавек вельмі папулярны на мясцовым узроўні, то яму варта змагацца за мандат дэпутата мясцовага савету, то бок стаць абаронцам людзей на пэўнай тэрыторыі”.

Кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Віталь Макаранка лічыць, што ўдзельнічаць у мясцовых выбарах трэба дзеля папулярызацыі партыяў ды мясцовых актывістаў, аднак на абраньне апазыцыянэраў у саветы спадзявацца ня варта:

Віталь Макаранка
“Усё ж такі нейкі чалавечы капітал, капітал вядомасьці і аўтарытэту — ён застаецца. Галоўнае, як бы яго потым ня страціць. Што тычыцца прэзыдэнцкай кампаніі, то без сур’ёзных, радыкальных зьменаў у заканадаўстве ня варта ў гэтых выбарах удзельнічаць. Я думаю, што яны абмяжуюцца вельмі касмэтычнымі крокамі, бо сур’ёзныя зьмены, якія дапамаглі б запабегчы фальшаваньням, уладам не патрэбныя”.

ВІЦЕБШЧЫНА


“Гэта пакуль гульні для назіральнікаў з Эўропы”


Актывіст з райцэнтру Гарадок, старшыня мясцовай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў браў удзел ва ўсіх выбарчых кампаніях апошняга часу — балятаваўся і ў парлямэнт, і на мясцовых выбарах. Дагэтуль ягоныя спробы былі безвыніковымі: увесь час перамагалі “кандыдаты ад улады”. Але падчас наступных выбараў, кажа спадар Аўтухоў, у мясцовыя саветы, верагодна, змогуць трапіць і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў:

Леанід Аўтухоў
“Мясцовыя выбары, можа, і пройдуць больш дэмакратычна, каб дагадзіць Эўропе. Але тым часам зьнішчаецца поле дзейнасьці для дэпутата мясцовых Саветаў. Вось у нас жахлівае становішча: перадаюць у падпарадкаваньне Віцебску два нашыя лесагаспадарчыя прадпрыемствы. І атрымаецца, што пусьцяць у мясцовыя саветы два-тры чалавекі “іншадумцаў”, а як прыйдзе, скажам, увесну Аўтухоў у Гарадоцкі райсавет, то рабіць ня будзе чаго, калі ўвесь бюджэт і ўсё іншае будзе прымацца не ў раёне, а “наверсе”.

Пакуль што Леанід Аўтухоў выконвае абавязкі дэпутата райсавета “на грамадзкіх асновах”, бо менавіта да яго, а не да абраных падчас выбараў дэпутатаў зьвяртаюцца людзі. Два тыдні таму ён занёс у райвыканкам калектыўны ліст ад жыхароў вуліц Пясчанай і Касаб’яна, якія абураюцца станам дарог у іхным раёне. Ліст падпісалі 26 мясцовых жыхароў. І, як распавёў спадар Аўтухоў, літаральна ўчора дарогу пачалі рамантаваць — прычым рамонтнікі прыйшлі да яго асабіста і папярэдзілі пра пачатак працы, каб, маўляў, не было прэтэнзіяў.

Але, кажа гарадоцкі актывіст, праца над камунальна-гаспадарчымі праблемамі ў раёне мала ўплывае на жыцьцё краіны ў цэлым. А ўжо падчас прэзыдэнцкіх выбараў ніякай лібэралізацыі чакаць ня варта. Прынамсі, пакуль ёсьць пэрспэктыва таго, што ў выбарчай кампаніі возьме ўдзел старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, мяркуе спадар Аўтухоў:

“Больш сур’ёзна — гэта прэзыдэнцкія выбары. І пакуль Лявон Баршчэўскі пачуваецца ўпэўнена і не пахісьнецца, Лукашэнка ня ўпэўнены ў сваёй перамозе. І гэта для яго, мабыць, адзіная перашкода, каб насамрэч правесьці выбары на дэмакратычных умовах Эўразьвязу і апазыцыі”.

Віктар Андрэеў
Яшчэ адзін рэгіянальны актывіст, Віктар Андрэеў з Воршы, мяркуе, што да любых абяцаньняў лібэралізацыі выбарчага заканадаўства ня варта ставіцца сур’ёзна. Спадар Андрэеў таксама некалі безвынікова балятаваўся ў Аршанскі гарсавет. Ён перакананы, што чарговыя выбарчыя кампаніі пройдуць паводле звыклага ўжо для Беларусі сцэнара:

“У нашай краіне, калі заходзіць гаворка пра лібэралізацыю, то, значыць, прыйшоў час атрымаць уладам ад Эўропы нейкія там дывідэнды. Так што ўсё гэта — толькі гульні для назіральнікаў з Эўропы. А вынікі будучых выбараў будуць такімі ж, як і раней . Яны ў нас заўжды такія, што як каго прызначыць улада, той і абярэцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG