Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкам дазволяць выкарыстаць уласныя сродкі


Кандыдатам у прэзыдэнты і ў дэпутаты парлямэнту ў Беларусі плянуецца дазволіць выкарыстоўваць уласныя сродкі пры правядзеньні выбарчай кампаніі – пра гэта ў інтэрвію БЕЛТА паведаміла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Мяркуецца, што законапраект аб зьменах і дапаўненьнях у выбарчае заканадаўства, будзе зьмяшчаць нормы, якія прадугледжваюць стварэньне індывідуальных фінансавых фондаў кандыдатаў у прэзыдэнты і ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Паводле Лідзіі Ярмошынай, гэтыя фонды будуць фармавацца за кошт уласных сродкаў кандыдатаў і сродкаў ад беларускіх фундатараў. Ня будуць мець права пералічаць сродкі ў такія фонды замежныя грамадзяне і арганізацыі, прадпрыемствы з замежнымі інвэстыцыямі, а таксама структуры, якія фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту.

Як адзначыла старшыня ЦВК, залучэньне сродкаў з індывідуальных фондаў дасьць магчымасьць кандыдатам купляць дадатковы эфірны час на тэлебачаньні і радыё, арганізоўваць сустрэчы з выбарнікамі, арандаваць памяшканьні і выпускаць дадатковую рэклямную прадукцыю.

“Утварэньне індывідуальных фінансавых фондаў дасьць магчымасьць кандыдатам праводзіць больш яркую агітацыйную кампанію. Бо сёньня асноўная скарга выбарнікаў – гэта тое, што выбары ў Беларусі праходзяць сумна. Але прычына таго яшчэ і ў тым, што кандыдаты самі мала стараюцца, не прапануюць цікавых праграмаў. Але нават тады, калі кандыдат цікавы і калі ён выступіць па тэлебачаньні адзін раз, гэтага недастаткова, каб яго запомнілі”, – сказала Лідзія Ярмошына ў інтэрвію карэспандэнтцы БЕЛТА.


Яўка выбарцаў скасоўваецца


У Беларусі будзе скасаваны бар'ер яўкі выбарцаў на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

“Гэта азначае, што выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы будуць прызнавацца праведзенымі пры любой яўцы выбарцаў”, — патлумачыла старшыня ЦВК Ярмошына.

Паводле дзеючага заканадаўства, яўка на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў павінна складаць больш за 50%.

Гэтая навацыя закране толькі мясцовыя выбары і ня будзе тычыцца парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх кампаній, удакладніла яна.

“Яўка выбарцаў на выбарах Прэзыдэнта вызначана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, таму тут ніякіх новых ініцыятываў ня можа быць”.

Як вядома, для таго каб прэзыдэнцкія выбары адбыліся, на іх павінны прыйсьці больш за 50% выбаршчыкаў.

ЦВК “стымулюе” партыі


Працэдуру вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партый у Беларусі плянуецца спрасьціць, кажа Ярмошына.

“Для таго каб вылучыць кандыдата ў дэпутаты парлямэнту ад палітычнай партыі па канкрэтнай выбарчай акрузе, трэба, каб на тэрыторыі акругі была структура ад гэтай партыі. Мы прапануем такое патрабаваньне выключыць з заканадаўства”, — удакладніла яна.

“Нашы палітычныя партыі маластруктураваныя. Яны сталі вельмі мала вылучаць кандыдатаў у дэпутаты менавіта партыйным спосабам. Таму мы прапануем падобную стымуляцыю”, — адзначыла Ярмошына.

Яна дадала, што палітычная партыя на сваім зьезьдзе зможа вылучаць кандыдатаў ва ўсе выбарчыя акругі па выбарах дэпутатаў парлямэнту, незалежна ад наяўнасьці ў гэтых акругах партыйных структураў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG