Ствараецца Нацыянальна-дэмакратычная кааліцыя

Рух «За Свабоду» прапануе падпісаць пагадненьне аб стварэньні Нацыянальна-дэмакратычнай кааліцыі 26 альбо 27 кастрычніка.Пра гэта сёньня паведаміла прэсавая служба Руху.
Паводле намесьніка старшыні Руху Віктара Карняенкі, кааліцыя будзе аб’ядноўваць арганізацыі, якія пагаджаюцца трымацца трох прынцыпаў: незалежнасьць Беларусі, дэмакратыя і эўрапейская будучыня.

Мяркуецца, што ў складзе кааліцыі будуць Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, «Малады фронт», «Правы альянс», Партыя Свабоды і Прагрэсу, «Маладая Беларусь», МХСС «Маладыя дэмакраты».

Прапанавана таксама правесьці перамовы з патэнцыйнымі партнэрамі КХП БНФ, БСДГ, АГП, рух «Разам». Па словах Віктара Карняенкі, кааліцыя пакуль што адкрытая для далучэньня ўсіх суб’ектаў, якія падзяляюць яе базавыя каштоўнасьці.