Бжазіньскі: дэмакратыю ў Расеі выратуюць Украіна і Грузія

Былы памочнік прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы палітоляг Зьбігнеў Бжазіньскі ў інтэрвію “Голасу Амэрыкі” скептычна ацаніў “перазагрузку” расейска-амэрыканскіх дачыненьняў.

Паводле спадара Бжазіньскага, лёзунг “перазагрузкі дачыненьняў з Расеяй”, які вылучыла адміністрацыя Барака Абамы, зьяўляецца нясьпелым і няпэўным:

“Сур’ёзныя адносіны не падлягаюць перазагрузцы. Іх спрабуюць сфармаваць стратэгічна. Перад ЗША стаяць дзьве, як падаецца, супрацьлеглыя задачы. Першая – разьвіваць супрацоўніцтва з Расеяй. Гэта важная для нас краіна, у нас ёсьць агульныя інтарэсы,
Сур’ёзныя адносіны не падлягаюць перазагрузцы.
напрыклад, для дасягненьня стабільнасьці ў Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, вырашэньне іранскай праблемы, раззбраеньне і нераспаўсюд ядзернай зброі ў сьвеце. Аднак мы ставім перад сабою і другую задачу: кансалідацыі плюралізму на постсавецкай прасторы і ў былым савецкім блёку. Гэта ў прыватнасьці абазначае стварэньне гарантый захаваньня сувэрэнітэту Грузіі, незалежнасьці Украіны”.

Паводле спадара Бжазіньскага, гэтыя дзьве задачы вонкавай палітыкі ЗША зусім не супярэчаць адна другой:

“Таму што калі Грузія выстаіць, а Украіна даможацца посьпеху – у Расеі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве зьявіцца болей шанцаў стаць пост-імпэрскай дэмакратычнай дзяржавай. Калі Грузія з Украінай будуць слабымі дзяржавамі, – Расея зноў пераўтворыцца ў імпэрыю з амбіцыямі, якія растуць”.

Паводле спадара Бжазіньскага, калі украінцы зацікавяць Эўропу сваім жаданьнем далучыцца да эўрапейскай супольнасьці, абяруць правільную арыентацыю, то праз 5—10 гадоў Украіна зможа стаць чальцом Эўразьвязу.