Беларускія дыпляматы ўшанавалі Бронзавага салдата ў Таліне

Бронзавы салдат у Таліне

У Таліне консул Беларусі Аляксандар Астроўскі ўсклаў кветкі да помніка савецкім салдатам, якія загінулі ў Эстоніі падчас Другой усясьветнай вайны.
Пра гэта перадае агенцтва Інтэрфакс. 22 верасьня ў Таліне прадстаўнікі арганізацый вэтэранаў савецкага войска і расейскія дыпляматы таксама ўсклалі кветкі да іншых помнікаў савецкім салдатам.

Два гады таму эстонскі парлямэнт абвясьціў 22 верасьня Днём супраціву. У гэты дзень эстонцы ўскладаюць кветкі да помнікаў сваім суайчыньнікам, якія загінулі ў барацьбе з Чырвонай Арміяй. У Эстоніі шмат хто лічыць, што з прыходам у краіну ў 1944 годзе Чырвонай Арміі пачалася другая савецкая акупацыя.