Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтву Беларусі Ленін патрэбен дзеля “стабільнасьці”


Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску
Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску

У гэтыя дні набывае актуальнасьць ініцыятыва, абвешчаная грамадзкімі дзеячамі Беларусі. Напачатку вясны па ўсёй краіне распачалася кампанія збору подпісаў за дэмантаж помнікаў аўтарытарным дзеячам бальшавіцкай Расеі, клянаваньне якіх не паддаецца ўліку.

Аналягічны ліст накіраваны на імя кіраўніка Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзіміра Макея. Падпісанты спадзяюцца на адпаведнае рэагаваньне 24 красавіка, калі адбудзецца наступнае паседжаньне рады. Але падаецца, што ініцыятывы наконт зносу ўсім вядомых скульптураў і ўзьвядзеньня на вызваленых месцах помнікаў выбітным асобам беларускай гісторыі разуменьня ва ўладных структурах не знаходзяць.

Беларусь дагэтуль застаецца рэкардсмэнкай што да ўшаноўваньня бальшавіцкай памяці. За савецкім часам на тэрыторыі БССР было ўсталявана паўтысячы помнікаў толькі аднаму Леніну — ад агульных дзьвюх тысяч па ўсім Савецкім Саюзе, прычым правадыр ля Дома ўраду ў Менску стаўся самым высокім на ўсёй савецкай прасторы. Некаторыя з тых скульптураў унесеныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Гаворыць намесьніца начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка:
Помнік леніну ў Маладзчне

“У Дзяржаўным сьпісе помнікі Леніну, натуральна, адзначаныя. Агульная колькасьць — пэўна што больш за дзясятак, але дакладна сказаць не магу. І тыя аб’екты, якія ўключаныя ў дзяржсьпіс, — яны, само сабой, падлягаюць захаваньню, пры неабходнасьці — рамонту, дагляду. То бок усе наступствы, якія ў дадзеным выпадку маюцца на ўвазе. Усе астатнія аб’екты зараз знаходзяцца пад апекай, на адказнасьці мясцовых выканаўчых уладаў. Цалкам у іх кампэтэнцыі прымаць рашэньні, як да гэтых помнікаў ставіцца, як захоўваць, куды перадаваць, ажно да магчымага пераносу з аднаго месца ў іншае”.

За час незалежнасьці без усялякага жалю толькі аднойчы — на пачатку 1990-х — ад былога будынку ЦК КПБ, дзе зараз месьціцца працоўная рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, прыбралі манумэнтальныя галовы Леніна і Маркса. Але той прэцэдэнт так і застаўся адзінкавым, не пераўтварыўшыся ў тэндэнцыю.

Бальшавіцкаму перабору абвясьцілі вайну палітоляг Ігар Лялькоў і грамадзкі актывіст з Маладэчна Іван Лагвіновіч. Актыўна далучыўся да акцыі старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ініцыятары кампаніі накіравалі ліст на імя кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея, а таксама праз рэгіянальных прадстаўнікоў наладзілі збор подпісаў пад аналягічнымі зваротамі да цэнтральных і мясцовых уладаў па ўсёй Беларусі. На думку актывістаў, калі кіравацца ўказам Аляксандра Лукашэнкі аб абвяшчэньні 2009 году Годам роднай зямлі, было б лягічна перагледзець палітыку ўхваленьня асобаў, чый унёсак у беларускую гісторыю ня толькі сумнеўны, але і трагічны для народу Беларусі. Аднак, як кажа спадар Лялькоў, у атрыманым з адміністрацыі адказе падставаў спадзявацца, што дзяржава зьменіць лінію паводзінаў, на жаль, няма:
Помнік Леніну ў Жодзіне

“Там напісана: адміністрацыя лічыць немэтазгодным падтрымліваць гэтую ініцыятыву. Год роднай зямлі прызначаны, апрача ўсяго іншага, яшчэ і для гуртаваньня, кансалідацыі, падтрыманьня стабільнасьці ў грамадзтве. З падтэкстам, што рэалізацыя такой ініцыятывы можа гэтую стабільнасьць у грамадзтве парушыць. Таксама напісана, што і так дастаткова ўсталёўваецца помнікаў дзеячам беларускай гісторыі і культуры, таму дзеля гэтага помнікі асобам таталітарнага часу няма сэнсу зносіць. Вось прыблізна такі пасыл адказу. Але мы ўсё ж будзем працягваць нашу ініцыятыву. У прыватнасьці, будзе ў бліжэйшы час рэалізаваны зварот да канфэсійных лідэраў краіны з запытам пра іх стаўленьне да таго, што нашы гарады, мястэчкі, вёскі засьмечаныя помнікамі дзеячам, якія адной са сваіх галоўных мэтаў ставілі вынішчэньне ўсялякай рэлігіі, бо абсалютна ніякіх прэфэрэнцыяў у іх да рэлігіі не было. То бок гэта мы бачым як наступны крок нашай ініцыятывы”.

Паказальна, што нават у самой Расеі стаміліся ад залішняй прысутнасьці “Вялікага Кастрычніка”, на што сьведчыць падрыў 1 красавіка самага старога ў Расеі помніка Леніну на Фінскім вакзале ў Санкт-Пецярбургу. Выбухоўку засунулі бронзаваму правадыру паміж ног, так што сярэдзіну манумэнта літаральна вырвала. Яшчэ праз два дні, 3 красавіка, у Луганскай вобласьці Ўкраіны медны Ленін страціў ад выбуху квадратны мэтар ніжэй сьпіны.

Ігар Лялькоў зьвяртае ўвагу, што большая частка помнікаў у Беларусі прысьвечана рэвалюцыянэрам Расеі, тым часам як уласныя старонкі гісторыі практычна выкрасьленыя з памяці. Вось і падрыхтаваны цэлы сьпіс асобаў, якія маюць усе падставы быць ушанаванымі. Так, на думку суразмоўцы, было б сымбалічна, каб у цэнтры Менску пачэснае месца заняла сьвятая Эўфрасіньня Полацкая, нябесная заступніца беларусаў. Аднак нават у асяродку вядомых ды прагрэсіўных людзей ідэя “помніказамяшчэньня” выклікае боязь страціць нешта звыклае ад савецкіх часоў. Скульптар Уладзімер Жбанаў — такога меркаваньня:

“Ды вы што? Ніводзін мастак не падпішацца, калі толькі пару шалёных знойдзеце. Ніводзін прафэсійны скульптар, архітэктар з гледзішча захаваньня прыгажосьці на такое ня пойдзе. А што Эўфрасіньня Полацкая? Хто яе паставіць? Зьбярыце спачатку грошы, будзем думаць. Але не прэзыдэнту такія пытаньні вырашаць! Няўжо кіраўнік дзяржавы будзе гэтым займацца? Атрымліваецца прапанова, каб зламаць прыгожыя рэчы і не паставіць нічога. Такое пытаньне ўзьнікла ці то год, ці то два таму, калі абмяркоўвалі помнікі Дзяржынскаму, Кіраву. Я адказваў, што ўвогуле нічога не чапаў бы. Сталіна прыбралі, Гітлера прыбралі, а пра ўсіх астатніх казаць, што яны непатрэбныя, ня стаў бы. Чаму ў Эўропе ніхто гэтым не займаецца і там не здымаюць крывавых каралёў і цэзараў? Яны ж там стаяць не адно пакаленьне!”

Каб захаваць правы грамадзянаў, якія трымаюцца камуністычных поглядаў, грамадзкія актывісты прапануюць пры замене мэмарыяльных сымбаляў стварыць музэй “рэвалюцыйнай скульптуры”. Паводле лёгікі, месцам дысьлякацыі таталітарных дзеячаў мог бы стаць гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, куды з Івянца ўжо дастаўлены бюст Сталіна. Вакол “айца народаў” маглі б згуртавацца і іншыя яго партыйныя паплечнікі.

Па-свойму дзень нараджэньня Ўладзімера Ўльянава-Леніна 22 красавіка адзначылі актывісты берасьцейскай філіі “Маладога фронту”. Апоўдні ля помніка правадыру пралетарыяту ў цэнтры гораду зьявіўся ўнітаз і некалькі рулёнаў туалетнай паперы. А за некалькі дзён да гэтага быў абліты белай фарбай помнік Леніну на тэрыторыі электрамэханічнага заводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG