Генэралы памежных краінаў хочуць супрацоўнічаць

Узброеныя сілы Беларусі, Польшчы і Ўкраіны плянуюць стварыць агульную сыстэму бясьпекі паветранай прасторы.



4 верасьня кіраўнікі Генэральных штабоў узброеных сілаў Беларусі, Польшчы і Ўкраіны на сустрэчы ў Берасьці абмеркавалі пытаньне стварэньня адзінай сыстэмы бясьпекі паветранай прасторы трох краін, паведаміў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" начальнік прэсавай службы міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменьчык.

Па яго словах, абмяркоўвалася таксама пытаньне падвышэньня ступені даверу паміж Генштабамі, плян трохбаковага узаемадзеяньня, а таксама супрацоўніцтва інжынэрных падразьдзяленьняў узброеных сіл Беларусі, Польшчы і Ўкраіны па ўтылізацыі некаторых відаў боепрыпасаў.

Начальнік Генштаба Ўкраіны прапанаваў перавесьці сустрэчы Генштабаў у сталы фармат, а таксама замацаваць трохбаковае супрацоўніцтва асобным дакумэнтам.