Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Расеі ставяцца да дэмаршу Беларусі ў АДКБ?


Адмова Беларусі ад удзелу ў саміце АДКБ абмяркоўваецца сёньня ў Расеі значна менш, чым чарговыя пэрыпэтыі “малочнай вайны”.

Ваенныя экспэрты пакуль ня бачаць вялікай трагедыі ў адмове Беларусі падпісваць Дамову аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня, але кажуць, што у пэрспэктыве канфлікт можа паўплываць на ваенныя пляны Расеі.

Дэмарш Аляксандра Лукашэнкі, які не прыехаў на саміт АДКБ, быў нечаканым, але ў дзеяньнях беларускага прэзыдэнта ёсьць свая лёгіка. Да такой высновы прыходзяць расейскія экспэрты, аналізуючы сёньня падзеі, што прывялі да непадпісаньня Беларусьсю Дамовы аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня.

Вось што гаворыць ваенны экспэрт Віктар Літоўкін:

Насамрэч унёсак Беларусі ў абарончыя высілкі АДКБ не такі вялікі і не такі шчыры
“Ня гледзячы на гучныя заявы лідэра Беларусі пра тое, што Беларусь зьяўляецца заходнім фарпостам Расеі, што 10 мільёнаў беларусаў абараняюць Расею ад танкаў НАТО, на самой справе унёсак Беларусі ў абарончыя высілкі АДКБ не такі вялікі і не такі шчыры”.

Спадар Літоўкін узгадвае, што ўжо з пачатку гэтага году беларускі бок, фактычна, сабатуе прызначэньне камандуючага агульнымі сіламі супрацьпаветранай абароны, не жадаючы, каб гэта быў прадстаўнік расейскага міністэрства абароны. Расейскія ваенныя экспэрты зьвяртаюць увагу і на той факт, што беларускія вайскоўцы ніколі ня ўдзельнічалі у вайсковых вучэньнях АДКБ, якія праходзілі па-за межамі Беларусі. Гэта дае падставы думаць, што нават калі б Беларусь і падпісала Дамову ад калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня, невядома ці выконвала б яна яе.

Вось што гаворыць Віктар Літоўкін:

“У Беларусі заяўляюць, што ніводзін беларускі салдат ня будзе ваяваць за межамі Беларусі. Тады пытаньне – калі раптам спатрэбіцца прымяніць калектыўныя сілы на цэнтральна-азіяцкім напрамку, напрыклад, супраць талібаў, што, усе краіны будуць там ваяваць акрамя беларусаў? Гэта недапушчальна. Калі ты зьяўляесься саюзьнікам, то мусіш выконваць абавязак саюзьніка так, як усе яго выконваюць”.

Але пакуль няўдзел Беларусі у фармаваньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня не зьяўляецца крытычным, лічыць экспэрт. Бо гэтыя сілы яшчэ ня створаныя, і Беларусь у любы момант можа далучыцца да дамовы.

Працяг канфлікту будзе ударам па ваенных плянах Расеі
Між тым, Расея зацікаўленая ў тым, каб як мага хутчэй скончыць гэты раптам узьніклы канфлікт. Прэзыдэнт Акадэміі геапалітычных праблемаў, былы намесьнік міністра абароны Расеі Леанід Івашоў выказаў сёньня думку, што працяг канфлікту будзе ударам па ваенных плянах Расеі. Перш за ўсё гэта тычыцца магчымасьці разьмясьціць у Беларусі ракетныя комплексы С-300 і С-400 як адказ на магчымае зьяўленьне у Эўропе элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Сёньня ж стала вядома, што беларуска-расейскі канфлікт ніяк не адаб’ецца на плянах правядзеньня вялікіх беларуска-расейскіх манэўраў “Захад-2009”, якія заплянаваныя на восень. Прынамсі ў гэтым упэўнены начальнік расейскага генштабу Мікалай Макараў, які заявіў, што “палітыка палітыкай, а ваенныя павінны рабіць сваю справу і ня блытаць адно з другім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG