Да юрыста "Новага жыцьця" прыйшлі судовыя выканаўцы

Сяргей Луканін, юрыст царквы "Нова жыцьцё"

На кватэру бацькоў юрыста царквы “Новае жыцьцё” Сяргея Луканіна прыйшлі судовыя выканаўцы. Яны ўручылі ягоным бацькам акт, згодна з якім будынак вернікаў на вуліцы Кавалёва, 72 стаў маёмасьцю Менгарвыканкаму.
Цяпер паводле заканадаўства да вернікаў, якія знаходзяцца ў будынку могуць быць ужытыя санкцыі за самавольнае засяленьне ў будынак, калі тыя яго не вызваляць.

Тым часам вернікі “Новага жыцьця” запэўнілі Свабоду, што яны не сыдуць з будынку. Сёньня там зьбіраюцца дзеці вернікаў, а заўтра, як звычайна, адбудзецца нядзельнае набажэнства.

Напярэдадні вернікі суполкі “Новае жыцьцё” завяршылі 26-гадзінны музычны маратон, які стартаваў 20 жніўня а 7 вечара. Паводле судовага рашэньня, яны мусілі ў чацьвер пакінуць будынак царквы і аддаць ключы. Але вернікі заявілі, што не аддадуць свой храм, і распачалі 26-гадзінны музычны маратон.