Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстанты не баяцца штурму


Вернікі суполкі “Новае жыцьцё” фармальна знаходзяцца ў чужым будынку. Паводле судовага рашэньня, яны мусілі ўчора пакінуць будынак царквы і аддаць ключы. Але вернікі заявілі, што не аддадуць свой храм, і распачалі 26-гадзінны музычны маратон, які стартаваў а 7 вечара. Сёньня будынак у адсутнасьць прадстаўнікоў царквы перадалі на балянс гарадзкіх уладаў.

У будынку царквы “Новае жыцьцё” адзін за адным выступаюць музычныя гурты з розных пратэстанцкіх суполак. Прыкладна ад 11 раніцы будынак вернікаў лічыцца маёмасьцю гарадзкіх уладаў.

Гаворыць юрыст царквы Сяргей Луканін:

“Паводле афіцыйных уладаў, сёньня раніцай яны падпісалі апошні юрыдычны дакумэнт — акт прыёму-перадачы, пасьля чаго да нас будуць ставіцца як да захопнікаў чужой маёмасьці.
Сяргей Луканін

Нягледзячы ні на што, мы ня лічым, што парушылі закон. Гэты будынак быў, ёсьць і застанецца нашым. Ні пры якіх абставінах мы яго пакідаць ня будзем. Мы не баімся нічога, нават калі супраць нас кінуць войскі”.

Нагадаем: будынак вернікаў суполкі “Новае жыцьцё” паводле судовага рашэньня да 21 жніўня мусіць перайсьці на балянс гарадзкіх уладаў. Чатыры гады таму чыноўнікі Менгарвыканкаму спачатку пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым і будынку (былога кароўніка на ўскрайку Менску). На знак пратэсту вернікі трымалі галадоўку і спынілі яе толькі пасьля таго, як пастара царквы запрасілі ў адміністрацыю прэзыдэнта і паабяцалі ўсе пытаньні вырашыць у судзе.

У Менск выказаць салідарнасьць зь вернікамі “Новага жыцьця” прыехалі пратэстанты з розных рэгіёнаў. Пастар царквы “Ісуса Хрыста” з Гомеля Барыс Савянок прыехаў яшчэ ўчора і начаваў у будынку царквы.

“Калі нашаму брату цяжка, то Бог нас заклікае стаць побач з малітвай. Трэба маліцца за наша кіраўніцтва, каб Бог адкрыў ім вочы. Твораць усё, каб зьнішчыць асобу. Калі зьнішчаюць асобу, дэградуе нацыя. Зло спараджае зло. Любоў жа вядзе да дабрабыту нацыі”.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка апавёў “Свабодзе”:
Вячаслаў Ганчарэнка

“Мы ўжо занадта шмат заплацілі за гэтую справу, таму мы не здадзімся. Мы будзем працягваць стаяць. Гэта наш будынак. Мы яго ня скралі. Уклалі сюды грошы, сэрца і душу. Мы тут умацоўваемся верай. Мы ўжо прызвычаіліся. Адчуваем сябе як на вайне”.

Яніна Аксёнчык прыехала з Гомеля.

“Для мяне царква “Новае жыцьцё” і мая царква, як адно. Бог прывёў мяне сюды”.

Маратон будзе доўжыцца да 9 вечара. Вернікі ўпэўненыя, што 23 жніўня яны зьбяруцца, як заўсёды, разам на нядзельную малітву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG