Пачынаецца вайна супраць беларускай тэхнікі

Беларускія вытворцы сельгастэхнікі і прадстаўнікі расейскага "Союзагромаша" правядуць перамовы аб пастаўках сельгастэхнікі.
Перамовы прызначаныя на 8 ліпеня. З прапановай абмеркаваць гэтае пытаньне зьвярнулася кіраўніцтва расейскага саюза вытворцаў сельгастэхнікі і абсталяваньня ("Союзагромаш") у сваім лісьце да Сяргея Сідорскага. Пра гэта паведаміў Інтэрфаксу, прэс-сакратар кіраўніка беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка.

Гэтае пытаньне закраналася і падчас візыту ў Беларусь дэлегацыі Растоўскай вобласьці Расеі.

Учора расейскі прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін паабяцаў праверыць дадзеныя гендырэктара "Ростсельмаша" Валерыя Мальцава аб "прыхаваным" імпарце беларускай сельгастэхнікі ў Расею.

"Што да прыхаванага экспарту іншых краінаў у Расею ў абыход прынятых рашэньняў, - мы на гэта зьвернем асаблівую ўвагу", - сказаў У.Пуцін.

Мальцаў падчас нарады ў панядзелак сказаў, што беларускі завод "Гомсельмаш" пастаўляе сваю тэхніку ў Бранск, дзе на машынах "мяняюцца этыкеткі, афармляюцца дакумэнты як на вырабленыя ў Расеі, і потым на іх распаўсюджваюцца расейскія льготы", перадае РИА Новости.

Валеры Мальцаў таксама расказаў Уладзімеру Пуціну, што беларускі бок трэці год запар замаўляе на "Ростсельмашы" 200 камбайнаў і не выкупляе іх. Сёлета Беларусь выказала гатоўнасьць выкупіць толькі 30 камбайнаў, якія дагэтуль не забрала. Спадар Мальцаў заявіў, што “неабходна прымаць меры”.

“Вы ведаеце, як нашы беларускія сябры і калегі рэагуюць на нашы меры. Тым ня менш заўвагу лічу правільнай, асабліва што тычыцца адкрыцьця рынку. Доступ на рынкі павінен быць аднолькавым. Мы імкнемся гэтага дамагчыся”, - цытуе Пуціна газэта “Коммерсант”.