Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трактар у доўг


Сельгастэхніка і запчасткі да яе на Гарадзеншчыне разыходзяцца горш, чым у ранейшыя гады. У сельгасвытворцаў няма грошай, каб разьлічвацца за патрэбную ім тэхніку.


Прадпрыемства “Ліда-Агро”, што ў вёсцы Шайбакі Лідзкага раёну, рэалізуе мясцовым сельгасвытворцам запчасткі для трактароў, інструмэнты, аліву для змазкі і іншы сельгасынвэнтар.

Дырэктар прадпрыемства, спадар Андрэй, кажа што ў мінулыя гады ў гэты час сельгасвытворцам ужо бывалі адкрытыя крэдытныя лініі й ішоў актыўны закуп запчастак. Сёлета, зь яго слоў, сельгасвытворцы самі змагаюцца са сваімі патрэбамі, таму й рэалізацыя значна скарацілася:

“Упаў таваразварот, наагул адчуваецца агульнае падзеньне. Справа ў тым, што ні ў кога няма грошай, цяжкое становішча. Даводзіцца даваць тавар у доўг, бо па-іншаму нічога не атрымліваецца, цяжка нешта па-іншаму цяпер зрабіць”.

Начальнік аддзелу маркетынгу й збыту Смаргонскага агрэгатнага заводу Андрэй Семянцоў кажа, што, пачынаючы з новага году, рэалізацыя іхнай прадукцыі скарацілася прыкладна на 30—40%.

Прычым ён зьвяртае ўвагу, што сродкаў на закуп трактароў, запчастак і іншых сельгасагрэгатаў нестае і беларускім, і расейскім пакупнікам.

Семянцоў: “Калі раней мы працавалі зь перадаплатай, то цяпер і з адтэрміноўкай плацяжу, каб стварыць пакупніку зручнейшыя ўмовы. Той аб’ём тэхнікі, які вырабляем, стараемся адгрузіць, але плацяжы праходзяць ня вельмі добра”.

Спадар Семянцоў зьвяртае ўвагу, што апошнім часам расейцы пачалі перамяшчаць зборку сельгастэхнікі на сваю тэрыторыю. Купляючы яе на сваіх заводах, яны імкнуцца падтрымліваць расейскага ж таваравытворцу.

Выпуск некаторай спэцтэхнікі на базе трактароў, са слоў спадара Семянцова, на заводзе наагул давялося прыпыніць, бо расейскі рынак скараціў яе закупы. Кампэнсаваць выдаткі спрабуюць нарошчваньнем выпуску міні-тэхнікі, попыт на якую падняўся.

Семянцоў: “Найгорш тое, што няма той пэўнасьці, як было год таму, калі пралічваўся нармальны попыт, колькасьць, аб’ёмы й г.д. А так жывем толькі сёньняшнім днём, і дзеяньні носяць прынагодны характар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG