Сяржук Вітушка: “Наш розум заводзіць нас у пастку”

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на радыё “Свабода” – гісторык, настаўнік і журналіст зь Вільні Сяржук Вітушка.
У пару нацыянальна адраджэнскага руху ў Беларусі канца 1980 х – пачатку 1990 х Вітушка быў адным з ініцыятараў стварэньня і кіраўніком нефармальнай моладзевай арганізацыі “Талака”.

У 1991 годзе Вітушка перабраўся ў Літву – духоўна вяртаць у Беларусь Вільню. Удалося стварыць беларускамоўную школу, дзе выкладаў гісторыю. Працаваў, пакуль не расхварэўся. У якасьці пазаштатнага карэспандэнта працаваў пэўны час у электронных мэдыях, у газэце “Рунь”. Ад таго часу Сяргей Вітушка – сталы слухач Радыё Свабода.

Сёньня грамадзкі рэдактар разважае пра тое, як слухачы могуць дапамагаць журналістам.

– Мінулым разам я зьвяртаўся да радыёслухачоў, каб у сваіх званках яны стараліся не пераказваць фактычна меркаваньняў палітолягаў, публіцыстаў ды палітыкаў – хто вінаваты ў глябальнай палітыцы, а стараліся заўважыць нешта глыбокае, цікавае, радаснае навокал сябе. Дый нават з пачутага па радыё каб рабілі высновы, дзяліліся імі, але так, як мы абмяркоўваем у сямейным коле, сярод сваіх блізкіх – без надзьмутай глыбакадумнасьці, прэтэнзіяў на таямнічыя намёкі...

Вось, скажам, толькі-толькі прагучала інтэрвію з шаноўнай спадарыняй Ірынай Халіп – яна малайчына, заўсёды цікава разважае, аднак цяпер быў ня згодны зь ёй. Так захоплена выкрывала рэжым, што літаральна ўсё назвала агідным. І атрымалася, што, паводле яе, уся Беларусь – адна агіда. Аднак гэта ж няпраўда! Мяркую, яна й сама далёкая ад такой думкі...

Мы людзі разумныя, аднак наш розум заводзіць нас у пастку: да ўсяго ставімся занадта крытычна, ува ўсім імкнемся заўважыць нейкія недахопы... А вось пахваліць некага нам так ужо цяжка, так цяжка быць ім удзячнымі за штосьці...

А я, напрыклад, хачу пахваліць спадара Калякіна і ўсю камуністычную партыю, што нарэшце надумаліся памяняць сваю назву. Рады за іх, што назавуцца, скажам, партыяй “Радзіма” або вясны і птушыных сьпеваў (жарт)...

З трывогай сачу, як змагаюцца за сваю царкву вернікі-пратэстанты. Хоць сам прыхільнік традыцыйнай канфэсіі, але зь вялікай павагай гляджу на гэтых людзей і радуюся іхняму вынаходніцтву.

У Вільні за савецкім часам у касьцёле сьвятога Казіміра быў створаны музэй атэізму. А тут людзі, наадварот, з хлява зрабілі бажніцу, зрабілі храм – мне здаецца, на абшарах былога Савецкага Саюзу гэта ўнікальны выпадак! Ужо толькі гэтым варты, каб туды ехалі і глядзелі на дзіва.

Тады парада гаспадарам будынку: хай зробяць там фотавыставу, як яшчэ нядаўна храмы розных канфэсіяў ператвараліся ў канюшні, і як яны, наадварот, з хлява зрабілі цудоўны храм.

Упэўнены: гэта прыцягне ўвагу многіх людзей, а ў выніку, можа, разам з усёй грамадой ім і ўдасца адстаяць сваю праўду.

Такія вось мае развагі над пачутым за апошнія дні на хвалях любімага радыё.