Пакуль людзі ня выйшлі на плошчу — улада ня чула

Так сёньня выглядаў Віленскі рынак у Магілёве.

У Магілёве прадпрымальнікі чатырох мясцовых рынкаў дамагліся адмены пастановы абласнога савету дэпутатаў пра падвышэньне стаўкі адзінага падатку й падатку на дададзеную вартасьць.
Гэтага патрабавалі на плошчы Леніна ля будынка аблвыканкаму больш за трыста прадпрымальнікаў. Падвышэньне падаткаў, паводле гандляроў, эканамічна неабгрунтаванае й ня ўлічвае рэаліяў сёньняшняга дня.

Гандляры пачалі зьбірацца на плошчы Леніна а дзясятай гадзіне. На адзінаццатую іх ужо было больш за тры сотні. Пратэставаць прыйшлі гандляры чатырох найвялікшых у горадзе рынкаў: Віленскага, Грабянёўскага, Прывакзальнага й Магілёўскага.

Гандляр: “Мы патрабуем адмены незаконнага рашэньня. Прадпрымальнікаў хоць нехта папярэдзіў, што яны зьбіраюцца нешта павышаць? Наагул, рашэньні павінны прымацца абгрунтавана, а яно неабгрунтавана. Павысілі з 45 да 52 эўра”.

Гандлярка: “На дадзены момант мы падпісваем патрабаваньні, потым наш прадстаўнік панясе іх у наш “белы дом”.

Гандляр: “Калі меры ня будуць прынятыя, прадпрымальнікі адмовяцца плаціць наагул падаткі”.

Прадпрымальнікі цьвердзяць. што пра падвышэньне стаўкі адзінага падатку й падатку на даданую вартасьць яны даведаліся праз свае каналы з падатковай інспэкцыі 23 сакавіка. Афіцыйна падаткоўцы ім пра падвышэньне не паведамлялі. Плаціць падаткі па новых стаўках гандляры меліся ад першага красавіка.

Заплаціць за месяц больш як адзін мільён падаткаў — гэта нерэальна.
“Заплаціць за месяц больш як адзін мільён падаткаў — гэта нерэальна”, заяўляюць гандляры. “Мы не нагандлёўваем за месяц столькі”, — кажа гандляр абуткам:

“Гандаль ня тое што ўпаў, ён проста зьнік. Патрэбнасьці людзей упалі. Калі я, да прыкладу, раней прадаваў чатыры адзінкі за дзень, то цяпер я прадаю адну адзінку, і то празь дзень у лепшым выпадку”.

Сабраўшы больш за трыста подпісаў пад патрабаваньнем адмяніць пастанову абласнога савету, чацьвёра прадстаўнікоў “плошчы” і актывіст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Андрэй Дзьвігун панесьлі іх у аблвыканкам. Прыкладна праз гадзіну яны выйшлі з радаснай для гандляроў навіной:

Падаткі застаюцца на ранейшым узроўні для ўсіх.
“Падаткі застаюцца на ранейшым узроўні для ўсіх. Заўтра ў газэце “Магілёўскія ведамасьці” будзе надрукавана інфармацыя пра адмену гэтага рашэньня аб павышэньні падаткаў.

Прадстаўнік падатковай інспэкцыі патлумачыў, чаму для абутнікаў на рынку падаткі ў памеры сямідзесяці эўра. Яны хацелі цывілізавана такім чынам прымусіць іх пайсьці ў гандлёвыя цэнтры”, — паведаміў адзін зь перамоўнікаў.

Адмену пастановы гарантаваў начальнік камітэту па прадпрымальніцтве аблвыканкаму Віктар Красоўскі. Ён жа не дазволіў прысутнічаць на сустрэчы прафсаюзнаму актывісту Андрэю Дзьвігуну:

“Калі я назваўся, што я з прафсаюзу, ён папрасіў выйсьці. Я адказаў яму, што гэтыя грамадзяне маюць права мець свайго прадстаўніка. Ён запатрабаваў натарыяльна завераны дакумэнт. Я адказаў, што гэта незаконна. Тады яны выклікалі міліцыянта. Я запытаўся ў прадпрымальнікаў, ці мне выйсьці. Яны сказалі, што лепей выйсьці, каб не даводзіць да канфлікту”, — паведаміў спадар Дзьвігун.

Сёньня, аднак, ня ўсе магілёўскія гандляры з рынкаў страйкавалі. Каля двух дзясяткаў палатак на Віленскім рынку гандлявалі. Патлумачыць, чаму яны не на плошчы разам са сваімі калегамі, гандляры адмовіліся.