Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Колькасьць стратных прадпрыемстваў вырасла ўтрая


Магілёўскі гарвыканкам прызнаў крызісны стан у прамысловасьці горада і абвясьціў, што за два месяцы колькасьць стратных прадпрыемстваў павялічылася больш як утрая.

У 2008 годзе стратнымі былі шэсьць прадпрыемстваў Магілёва. За два сёлетнія месяцы такіх стала дваццаць. Супрацоўніца ўправы эканомікі гарвыканкаму называе толькі некаторыя зь іх:

“Мэталюргічны завод — тут зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці на 24,3 мільярды рублёў. «Тэхнапрыбор» — недаатрымана да ўзроўню мінулага году 3,3 мільярда рублёў. Завод «Электрарухавік»: тут асноўная праблема — адсутнасьць абаротных сродкаў”.

Калі раней прамыслоўцы тлумачылі свае праблемы нэгатыўнымі тэндэнцыямі на расейскім рынку, то цяпер наракаюць ужо на беларускі. Гаворыць прадстаўнік заводу “Электрарухавік”:

Раней скардзіліся на расейцаў, а сёньня — на сваіх.
“Дужа непакоіць стан беларускага рынку. Калі раней мы атрымлівалі тры мільярды, то цяпер і мільярда няма. Па нас можна меркаваць, як працуе машынабудаваньне. Вось колькі робіцца машын, мы можам прадаць рухавікоў. Калі пакупнік робіць адну машыну, два рухавікі ён ня купіць”.

За два месяцы прадпрыемствы Магілёва выканалі крыху болей за 86% прагназаванага аб’ёму вытворчасьці, а меліся — сто пятнаццаць.

Асноўная праблема магілёўскіх прамыслоўцаў — адсутнасьць абаротных сродкаў. Іх прадукцыя незапатрабаваная й застаецца на складах, адсюль і нястача сродкаў.

Старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў патрабуе выправіць сытуацыю. Аднак ці рэальна гэта? Гаворыць незалежны эканаміст Пётар Мігурскі:

“Калі падыходзіць да гэтага з пункту гледжаньня эканомікі, то гэтыя паказьнікі невыканальныя ў прынцыпе. Гаворка ж ідзе пра атрыманьне прыбытку. Можна набраць крэдытаў, у тым ліку й замежных, і вырабіць які заўгодна аб’ём прадукцыі, аднак усё адно яна будзе ляжаць на складзе. І гэта толькі пагоршыць сытуацыю ў Беларусі й Магілёве”.

Што да крэдытаў, то банкі неахвотна іх даюць, бо ня маюць гарантыяў, што іх вернуць. Прамыслоўцы па крэдыты не зьвяртаюцца, бо ў банках завялікія працэнтныя стаўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG