“Руху “За Свабоду” дадалі шмат правоў

Міністэрства юстыцыі зацьвердзіла зьмены ў статут “Руху «За Свабоду»”, прынятыя на канфэрэнцыі арганізацыі 15 лютага 2009 году.
Пра гэта паведаміла прэсавая служба Руху.

Юрась Губарэвіч
“Новая рэдакцыя статуту дазваляе ствараць і рэгістраваць рэгіянальныя структуры Руху, прадугледжвае спрошчаны парадак правядзеньня канфэрэнцый, — камэнтуе прынятыя зьмены намесьнік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч. — У статуце прадугледжана магчымасьць стварэньня выканаўчай структуры — выканкаму. Прынятыя таксама і іншыя зьмены, якія даюць магчымасьць засноўваць уласныя СМІ, праводзіць сацыялягічныя дасьледаваньні”.

Юрась Губарэвіч адзначае, што зьмены дазволяць арганізацыі легалізаваць дэ-факта створаныя і працуючыя ў рэгіёнах структуры.