Улады будуць раіцца зь Сярэдзічам і Літвіной

Ёсіф Сярэдзіч і Жанна Літвіна

16 студзеня старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанне Літвіной, а таксама галоўнаму рэдактару “Народнай волі” Ёсіфу Сярэдзічу было афіцыйна прапанавана ўвайсьці ў склад грамадзкай каардынацыйнай рады ў сфэры масавай інфармацыі.

“Напярэдадні да мяне патэлефанаваў міністар інфармацыі сп. Русакевіч, які зьвярнуўся з падобнай прапановай. А ў пятніцу быў атрыманы афіцыйны ліст з Савету міністраў”, — заявіў Сярэдзіч “Нашай Ніве”. Галоўны рэдактар “Народнай волі” прыняў без асаблівых роздумаў гэтую прапанову. “А якія падставы адмаўляцца? Калі нешта не спадабаецца, то заўсёды можна махнуць рукой і сысьці”, — кажа ён.

“Быў бы ідэальны варыянт, калі б рада (калі яна будзе на нешта ўплываць) прыняла да разгляду пытаньне роўных эканамічных умоваў для СМІ рознай формы ўласнасьці, доступу да інфармацыі, прывядзеньня ў адпаведнасьць з міжнароднымі нормамі і стандартамі закону „Аб СМІ“, калі б у паўнамоцтвах рады былі такія пытаньні, як перарэгістрацыя, стварэньне цывілізаванага мэдыярынку… Але ўсё гэта пакажа час”, — прыводзіць словы Жанны Літвіной сайт БАЖу.

Загад аб стварэньні каардынацыйная рады па СМІ быў падпісаны яшчэ пры канцы кастрычніка.