Выйшаў на волю экс-кіраўнік “Белнафтахіму”

Аляксандар Бароўскі

Былы кіраўнік канцэрну “Белнафтахім” Аляксандар Бароўскі вызвалены з выпраўленчай установы на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы пра ягонае памілаваньне, паведаміў агенцтву “Інтэрфакс-Захад” ягоны адвакат Зьміцер Гарачка, спаслаўшыся на інфармацыю, атрыманую ў сям’і Бароўскага.

27 сакавіка 2008 году Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў Бароўскага да 5 гадоў зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Суд прызнаў экс-кіраўніка “Белнафтахіму” вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, што прывяло да значнай матэрыяльнай шкоды. Суд не задаволіў пазоў намесьніка генэральнага пракурора пра сплату Бароўскім 3 мільярдаў 428 мільёнаў рублёў. У адпаведнасьці з прысудам Бароўскаму забаронена займаць адказныя пасады тэрмінам на 3 гады.