Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму А.Бароўскаму вярнулі арыштаваную маёмасьць?


Вярхоўны суд Беларусі прызнаў былога старшыню “Белнафтахіму” вінаватым у службовых злоўжываньнях і асудзіў яго на 5 гадоў зьняволеньня. Пры гэтым суд зьняў арышт з маёмасьці Бароўскага і не задаволіў патрабаваньне “Белнафтахіму” пра кампэнсацыю стратаў памерам 1,6 мільёна даляраў.


27 сакавіка ў Вярхоўным судзе скончыўся працэс над былым старшынём “Белнафтахіму”. Працэс цягнуўся болей за месяц. Нагадаю, пракуратура лічыла, што Аляксандар Бароўскі праз службовыя злоўжываньні нанёс дзяржаве стратаў больш як на 1,6 мільёна даляраў. Экс-кіраўнік “Белнафтахіму” гэтага не прызнаваў, але ў апошнім слове заявіў, што “адчувае віну перад Аляксандрам Лукашэнкам”, які “яго заўсёды падтрымліваў”. У чым канкрэтна ён вінаваты перад Лукашэнкам, Бароўскі не патлумачыў.

Суд прызнаў, што Аляксандар Бароўскі нанёс “інтарэсам дзяржавы істотныя страты”, але не з карысьлівых, а з асабістых матываў. Адвакат асуджанага Васіль Тулякоў пакуль ня змог патлумачыць, што маецца на ўвазе.

“Суд вырашыў, што істотныя страты нанесеныя ня дзеля карысьлівасьці, а дзеля асабістай зацікаўленасьці. Што прывяло суд да такой высновы, сказаць пакуль немагчыма, бо трэба чытаць увесь прысуд, яго матывіроўку”, - сказаў Радыё Свабода адвакат.

Аляксандар Бароўскі быў арыштаваны ў траўні мінулага году, а судзіць былога старшыню “Белнафтахіму” пачалі сёлета ў лютым. Ужо на першым паседжаньні стала вядома, што ў Бароўскага і ягоных сваякоў была арыштаваная маёмасьць: дзьве кватэры ў Менску, дзьве ў Бабруйску, загарадны дом, аўтамабілі.

Пазьней у судзе прагучалі зьвесткі пра грашовы рахунак Бароўскага за мяжой. Адна з журналістак згадала:

“Падчас працэсу прагучала з вуснаў Бароўскага, што ён ня ведае, куды зь ягонага рахунку ў кіпрскім банку зьніклі амаль паўмільёна даляраў. Бароўскі казаў, што гэтыя грошы пазычыў у аднаго знаёмага з Рыгі на пабудову загараднага дому”.

Сёньня суд зьняў арышт з усёй маёмасьці Аляксандра Бароўскага і ягонай сям'і. Таксама суд не задаволіў матэрыяльны пазоў “Белнафтахіму” да былога кіраўніка. Пазоў меў памер 1,6 мільёна даляраў. Прадстаўнік канцэрну ў судзе камэнтаваць гэтае рашэньне адмовіўся. Адмовіўся ад камэнтару і прадстаўнік пракуратуры Сяргей Целяжэвіч. Пасьля прысуду не пажадалі выказацца і дочкі Аляксандра Бароўскага.


На лаве падсудных за апошнія гады пабывалі многія кіраўнікі буйных беларускіх прадпрыемстваў. Ужо болей за 6 гадоў знаходзіцца за кратамі былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў, якога суд прызнаў вінаватым у крадзяжы некалькіх мільёнаў даляраў. Паводле прысуду, Міхаілу Лявонаву давядзецца адбываць у калёніі яшчэ амаль 4 гады.

Крыху іншы прыклад - былы кіраўнік наваполацкага аб'яднаньня “Нафтан” Канстанцін Часнавіцкі. У кастрычніку 2006 г. за нанясеньне стратаў больш як на 1 мільён даляраў праз злоўжываньні ён быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня. У пачатку 2008 г. спадар Часнавіцкі выйшаў на волю. Паведамлялася, што ён кампэнсаваў страты.

Можна лічыць, што больш за іншых пашанцавала былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіне Жураўковай. Тры гады таму суд прызнаў яе вінаватай у крадзяжы больш як 2 мільёнаў даляраў і асудзіў на 4 гады зьняволеньня. На судзе Галіна Жураўкова сябе вінаватай не прызнала, адначасова заявіўшы пра віну перад Аляксандрам Лукашэнкам “за тое, што не апраўдала ягоны давер”. У турму былая кіраўніца справамі не патрапіла. Спачатку яна была прызнана хворай, а потым памілаваная адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG