Прадпрымальнікі праз суд дамагаюцца рэфэрэндуму

Жыхар магілёўскага мікрараёну “Саломінка”, былы кандыдат на дэпутацтва ў палаце прадстаўнікоў Ігар Каваленка паскардзіўся ў Ленінскі суд абласнога цэнтру на гарвыканкам. Скаржнік цьвердзіць, што выступае ад імя гандляроў рынку “Крыніца”.

Тыдзень таму гарвыканкам адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму. Гэта й стала падставай для скаргі ў суд. Ігар Каваленка быў старшынём той групы.

Праз рэфэрэндум гандляры хацелі высьветліць, ці падтрымліваюць жыхары мікрараёну “Саломінка” намер улады перанесьці рынак “Крыніца” ў іншае месца, а замест яго збудаваць спарткомплекс. Акрамя таго жыхары “Саломінкі” меліся вызначыцца, што ім больш патрэбна: школа й дзіцячы садок — альбо спарткомплекс.

Адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы гарвыканкам патлумачыў тым, што ў інтарэсах грамадзян ужо нібыта прынятыя рашэньні пра будоўлю ў мікрараёне школы, дзіцячага садка й спарткомплексу.

Ігар Каваленка заяўляе, што гарвыканкам, не зарэгістраваўшы ініцыятыўнай групы, парушыў канстытуцыйныя правы жыхароў “Саломінкі”. Праз суд ён намагаецца адмяніць пастанову гарвыканкаму і абавязаць яго зарэгістраваць ініцыятыўную групу арганізатараў рэфэрэндуму.

Прадпрымальнікаў улады абавязалі перанесьці свае павільёны на новае месца да канца гэтага году. На рынку гандлююць паўтары сотні гандляроў. Павільёнаў тут каля паўсотні.