У Смаргоні абрынулася прыбудова да школы

У Смаргоні абрынулася двухпавярховая прыбудова да будынку сярэдняй школы № 2. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Віталь Навіцкі, абрушэньне здарылася 18 сьнежня ў 21:20 на плошчы 190 квадратных мэтраў.

В. Навіцкі падкрэсьліў, што пацярпелых у выніку інцыдэнту няма. “Спэцыялісты-кінолягі абсьледавалі месца абрушэньня. Іх вэрдыкт: людзей пад разбуранай канструкцыяй няма”, — сказаў прэс-сакратар.

9 сьнежня ўпраўленьне адукацыі Смаргонскага райвыканкама з-за шчылін у сьценах забараніла эксплюатацыю прыбудовы й знаходжаньне там людзей. “Апрача таго, былі прынятыя меры па абмежаваньні доступу ў памяшканьне і на тэрыторыю”, — падкрэсьліў ён.

У МНС лічаць, што прычынай абрушэньня стала “страта нясучай здольнасьці падмурка капітальнай сьцяны прыбудовы да школы”. Будынак школы быў узьведзены ў 60-я гады, расказаў прэс-сакратар.

Цяпер працягваюцца работы па разборцы завалаў. На месцы задзейнічаныя 44 чалавекі і 15 адзінак тэхнікі. Працуюць кіналягічная, інжынэрная і іншыя службы МНС, зазначыў В. Навіцкі.






Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка (першы зьлева),старшыня Смаргонскага выканкаму Мечыслаў Гой (трэці зьлева) на месцы здарэньня.


Фота Ўладзімера Шульжыцкага