Піва зноў можна купіць у шапіках у Горадні

Піва і інфармацыя для пакупнікоў аб адмене забароны прадаваць яго ў шапіках

Гарадзенскія прадпрымальнікі адваявалі права прадаваць піва ў шапіках на прыпынку гарадзкога транспарту. Забарона была ўведзена гарадзкімі ўладамі сёлета 5 чэрвеня.

Карэспандэнт: “Зараз я паспрабую спраўдзіць, ці насамрэч зноўку ў шапіках на прыпынках зьявілася піва, якое ўлады раней забаранілі прадаваць? І —першае расчараваньне: шапік з шакалядам, півам, печывам на прыпынку на вуліцы Дзяржынскага побач зь лялечным тэатрам зьнік зусім, яго няма… Наступны аўтобусны прыпынак на чыгуначным вакзале, зараз спраўдзім тут”.

Прадаўшчыца: “Наконт таго — самі сталі прадаваць ці не, я ня ведаю, мне начальства прывезла піва, я выстаўляю яго на прылавак”.

Карэспандэнт: “І як рэагуюць людзі?”

Прадаўшчыца: “Яны ўжо адвыклі, і такога продажу, як раней, канечне ж няма цяпер. Многія зьдзіўляюцца: а, ёсьць піва? Але ўсе, хто купляе піва, кажуць: нарэшце, вельмі добра”.

Карэспандэнт: “Моладзь за тое, каб купляць піва на прыпынках, ці не?”

Маладзён: “Я сам спарцмэн і катэгарычна адмоўна стаўлюся да піва. Гэта шкодзіць здароўю, псуе нашую моладзь. Піва прадаецца паўсюль, яго могуць прадаваць нават дзецям чатырнаццаці гадоў, таму што не глядзяць на іхні ўзрост. Прадаўшчыцам гэта “па барабану”: хай п’юць піва, хай кураць. Што цяпер можна ўбачыць? Ідуць увечары — дзьве бутэлькі піва, кураць. Але я ні разу ня ўбачыў, каб нехта чытаў кнігу, хаця б нёс яе, трымаў у руках. Піва, каб была мая воля, я б папросту адмяніў і ўсё”.

Другі маладзён: “Я піва купляю. Па-мойму, няма розьніцы: будуць яго ў крамах прадаваць ці ў шапіках, у любым разе будуць купляць яго”.

Карэспандэнт: “Шапікаў у цэнтры гораду стала менш, але вось яшчэ адзін — на вуліцы Маладзёжнай. На шыбе побач зь півам “інфармацыя для пакупнікоў”. Чытаем: у міністэрстве юстыцыі быў разгледжаны калектыўны зварот індывідуальных прадпрымальнікаў Гарадзенскай вобласьці і прызнана, што рашэньне гарадзенскіх уладаў — абласных і гарадзкіх — аб забароне продажу піва на прыпынках лічыца несапраўдным. Такі сэнс вынікае са зьместу паперы, якая зьмешчана ў гэтым шапіку”.