Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Змагацца трэба ня зь півам, а з танным “чарнілам”


Ці зьнікне піва з шапікаў ня толькі ў Горадні, але і ў іншых гарадах Беларусі?


Праект закону на поўную забарону продажу піва праз дробнааптовы гандаль урад пачаў разглядаць яшчэ год таму, аднак даць ход такой непапулярнай справе чыноўнікі пакуль не сьпяшаюцца — занадта шмат можа быць пакрыўджаных ад такіх новаўводзінаў. Паводле дадзеных канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, у 2007 годзе праз шапікі прадалі каля 30% усяго піва. Калі іх прыбяруць, то піўны рынак можа істотна запаволіць сваё разьвіцьцё.

У поўнай забароне гандлю півам праз шапікі не зацікаўленыя ні гандляры, ні спажыўцы, ні вытворцы гэтага напою. А заклапочанасьць асобных дзяржаўных структураў нібыта пашырэньнем піўнога алькагалізму старшыня прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка называе беспадстаўнай:

“Ня толькі прадпрымальнікі пацерпяць. Ёсьць афіцыйная статыстыка: каля 30—40% піва прадаецца праз дробнааптовую гандлёвую сетку. Таму ў гэтым сэнсе яшчэ невядома, хто пацерпіць болей. Але натуральна, што будуць страты ў прадпрымальнікаў, безумоўна.

А што да алькагалізму, то зь ім трэба змагацца перадусім шляхам выключэньня з асартымэнтнага пераліку найперш дзяржаўных прадпрыемстваў Міністэрства гандлю напояў кшталту “Крыжачок”, які каштуе крыху больш за тысячу рублёў.

Увогуле неабходна ўлічваць культуру спажываньня сьпіртовых напояў. У гэтым сэнсе піва мае даўнюю традыцыю і зьяўляецца паважаным напоем для цывілізаваных краінаў. Таму трэба змагацца ня зь півам, а з напоямі, якія нясуць дэградацыю асобы. А гэтыя напоі можна ўбачыць у кожнай забягалаўцы. Алькаголікам можна назваць якраз тых, хто, прабачце, “бухае” таннае чарніла, ад якога потым аднімаюцца ногі, рукі, а самае галоўнае — мазгі”.

На менскім бровары “Крыніца” навіну пра абмежаваньне гандлю ў гарадзенскіх шапіках даведаліся ад Радыё Свабода, чым былі непрыемна зьдзіўленыя. Пазьней прадстаўнік “Крыніцы” паведаміў, што ў часе перамоваў прадстаўнікі ўладаў Горадні супакоілі, што, магчыма, рашэньне будзе перагледжанае (бо, маўляў ўжо абурыліся вельмі многія суб’екты гаспадараньня).

У іншых гарадох Беларусі гандляваць півам праз шапікі пакуль не забараняюць. Выключэньнем хіба Менск, дзе рэалізацыю гэтага напою ў цэнтры гораду прыпыняюць на час дзяржаўных сьвятаў з “народнымі гуляньнямі” і школьных баляў выпускнікоў. Між тым, як кажа адзін з уладальнікаў шапіка, разьлічваць на эфэктыўнасьць такіх забаронаў не выпадае:

“Моладзь у бары, як правіла, ня ходзіць. Таму чалавек элемэнтарна праедзе прыпынак ці два на мэтро, возьме скрыню і прывязе на кампанію. Малалеткі пры жаданьні заўсёды нап’юцца. І гэта адбываецца з году ў год. А як іншым людзям растлумачыць, што гандляваць нельга? Ім кажаш, што забаронена, лягічна запытваюць — чаму? Таму што выпускнікі гуляюць. Дзе тут якая лёгіка? І гэта звычайна на кожныя сьвяты адбываецца, а піва гадзінаў да 6 вечара прадаваць толькі можна”.

Паводле ацэнак міжнароднага агенцтва маркетынгавых дасьледаваньняў “AC Nielsen”, праз шапікі прадаецца ад 30 да 37% піва, якое рэалізуецца ў Беларусі. Спэцыялісты службы маркетынгу менскага бровару “Аліварыя” дадаюць: блізу 75% піва, якое прадаецца праз шапікі, — беларускай вытворчасьці. Паводле падлікаў спэцыялістаў канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, у выпадку спыненьня рэалізацыі праз дробнааптовую сетку мясцовыя вытворцы піва страцяць 35% продажаў на ўнутраным рынку. Аднаўленьне аб'ёмаў выключна праз крамы выклікае вялікія сумневы як у канцэрне, так і на піваварных заводах.

Дырэктар аддзелу маркетынгу Лідзкага бровару Юры Панчанка не хавае абурэньня дзеяньнямі гарадзенскіх уладаў. Гэтыя захады, на яго думку, ня маюць ніякага сэнсу. Кажа, што яшчэ ёсьць спадзеў адкарэктаваць новаўводзіны:

“Там ужо тое-сёе карэктуецца. Мне якраз адзваніліся, ідуць нейкія паслабленьні, зьмены. Што дакладна забаронена, дык гэта продаж піва на прыпыначных пунктах. Гэта стопрацэнтна. У іншых месцах адбываюцца карэкціроўкі: дзесьці дазваляюць, дзесьці забараняюць. Яны ўжо самі заблыталіся — дзе можна, а дзе нельга. Таму пакуль вядзём дыялёг з выканаўчай уладай Горадні. Усе хочуць перастрахавацца, не разумеючы аднаго — спыняе алькагольную залежнасьць працяглая дзяржаўная праграма.

У дадзенай сытуацыі першачарговай павінна быць культура, калі вузей — піўная культура. Якая ёсьць у Нямеччыне, у Чэхіі, дзе п'юць у чатыры разы больш, чым у Беларусі, і ніхто не перажывае вось за такія дробязі. А мы ня хочам разумець, што мы бескультурная нацыя, і спрабуем камусьці даказаць, што забаронамі гэта ўсё выправім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG