Караджыча называлі "басьнійскім мясьніком"

Сёньняшнія сэрбскія газэты пра арышт Караджыча

Чалавек, якога вінавацяць у арганізацыі найвялікшых масавых забойстваў у Эўропе ад часоў другой ўсясьветнай вайны, нарэшце арыштаваны. Радавана Караджыча, лідэра басьнійскіх сэрбаў падчас вайны ў былой Югаславіі, цяпер чакае выдача паводле абвінавачаньняў у генацыдзе Гааскаму трыбуналу ў ваенных злачынствах.

Паведамленьне пра арышт Караджыча выклікала сьвяткаваньні на вуліцах сталіцы Босьніі Сараева. Адно з галоўных абвінавачваньняў супраць былога кіраўніка басьнійскіх сэрбаў -- менавіта абстрэлы Сараева, калі падчас 43-месячнай аблогі загінулі каля 10 тысяч мірных жыхароў. Караджыча таксама вінавацяць у арганізацыі забойства больш чым сямі з паловай тысяч мусульманскіх мужчын і хлопчыкаў у мястэчку Срэбраніца.

сэрбскія ўлады давялі сваё жаданьне цалкам супрацоўнічаць зь Міжнародным трыбуналам
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Хавіер Саляна кажа, што арышт Караджыча даводзіць гатоўнасьць Сэрбіі супрацоўнічаць з Гааскім трыбуналам:

"Я думаю, што гэта было вельмі добра зроблена сэрбскімі ўладамі. Трэба памятаць, што выбары ў Сэрбіі – прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары – адбыліся нядаўна. І я думаю, што сэрбскія ўлады давялі сваё жаданьне цалкам супрацоўнічаць зь Міжнародным трыбуналам, і я гэта вельмі вітаю".

Менавіта пытаньне аб арышце Радавана Караджыча і былога камандуючага войскамі басьнійскіх сэрбаў Раткі Младзіча заставалася адной з галоўных перашкодаў для дамоўленасьцяў паміж Сэрбіяй і эўрапейскімі структурамі і для патэнцыйнага далучэньня Сэрбіі да Эўразьвязу.

Міністар замежных спраў Францыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, Бэрнар Кушнэр, аднак заявіў, што пакуль рана даваць нейкія абяцаньні, бо дагэтуль не арыштаваны Ратка Младзіч.

Прадстаўнікі сэрбскага ўраду кажуць, што арышт Караджыча адбыўся ў панядзелак 21 ліпеня, але адвакат Караджыча Сьветазар Вуячыч кажа, што яго арыштавалі яшчэ ў пятніцу 18 ліпеня.

Караджыч хаваўся апошнія 13 гадоў – напярэдадні арышту ён нібыта працаваў доктарам нетрадыцыйнай мэдыцыны ў Бялградзе пад чужым імем.

Радаван Караджыч нарадзіўся ў 1945 годзе ў чарнагорскай вёсцы. Ягоны бацька быў партызанам-нацыяналістам, які змагаўся, як супраць нацыстаў, гэтак і супраць камуністычных партызанаў на чале зь Ціта. Большую частку дзяцінства Радавана Караджыча ягоны бацька быў у турме.

У 1960 годзе Караджыч пераехаў у Сараева, дзе паступіў у мэдычны інстытут. Пасьля ён працаваў псыхолягам ў гарадзкім шпіталі – спэцыялізаваўся на нэўрозах і параноях.

У 80-я гады, пасьля сьмерці югаслаўскага лідэра Ціта, Караджыч пайшоў у палітыку. У 1990 годзе ён быў адным з заснавальнікаў Дэмакратычнай партыі Сэрбіі, якая сталася галоўным правадніком палітыкі сэрбскіх нацыяналістаў у Босьніі. За дзень да таго як басьнійскі парлямэнт абвясьціў незалежнасьць 5 сакавіка 1992 году, Караджыч выступіў перад дэпутатамі з пагрозьлівым папярэджаньнем:

"Можаце разьлічваць, што гэта прывядзе Босьнію-Герцагавіну ў пекла, і, магчыма, вынішчыць мусульман, бо мусульмане ня змогуць абараніцца, калі тут пачнецца вайна".

Караджыч абвясьціў сябе прэзыдэнтам Басьнійскай Сэрбскай Рэспублікі і пры дапамозе вайскоўцаў Югаслаўскай арміі і ваенізаваных фармаваньняў узяў пад кантроль большую частку Босьніі і 43 месяцы трымаў у аблозе Сараева. Тады ў горадзе загінулі каля 10 тысяч мірных жыхароў. Караджыча таксама вінавацяць у арганізацыі ў ліпені 1995 году забойства больш чым сямі з паловай тысяч мусульманскіх мужчын і хлопчыкаў у мястэчку Срэбраніца, якое фармальна знаходзілася ў "зоне бясьпекі" ААН.

Караджыч пазбавіўся ўлады ў выніку Дэйтанскага мірнага пагадненьня 1995 году. Амэрыканскі дыплямат Рычард Голбрук, які арганізоўваў пагадненьне, у інтэрвію газэце New York Times назваў Караджыча горшым за камандуючага войскамі басьнійскіх сэрбаў Ратку Младзіча і за тагачаснага сэрбскага прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча. Паводле Голбрука, Караджыч быў сапраўдным расістам, якому "сапраўды падабалася аддаваць загады аб забойстве мусульман".