Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Чаргінец: “Не скажу, што Караджыч быў схільны да жорсткасьці”


Радаван Караджыч з Ратка Младзічам у 1995-ым
Радаван Караджыч з Ратка Младзічам у 1995-ым

Больш чым праз 10 гадоў пасьля абвяшчэньня ў міжнародны вышук у Бялградзе арыштаваны былы лідэр басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч. Экс-прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай у Босьніі абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасьці. Самыя значныя пункты — арганізаваная басьнійскімі сэрбамі блякада Сараева, дзе ад артабстрэлаў загінулі больш за 10 тысяч мірных жыхароў, а таксама генацыд мусульманаў у анкляве Срэбраніца, дзе ахвярамі сэрбаў сталі калі 8 тысяч чалавек. Экспэрты не выключаюць, што ў Міжнародны трыбунал у Гаагу Караджыча перавязуць ужо на гэтым тыдні. Там правёў свае апошнія дні былы кіраўнік Югаславіі Слабадан Мілошавіч.

Яшчэ ў 1995 годзе, ад пачатку пошуку Радавана Караджыча, у Сэрбіі пачаў дзейнічаць Камітэт у яго абарону на чале з пісьменьнікам Костам Чавашкім. Справа ў тым, што Караджыч — досыць вядомы, як на Босьнію і Сэрбію, паэт (паводле адукацыі ён — лекар-псыхіятар). Нават пасьля сыходу ў падпольле невялікімі накладамі зьяўляліся кнігі Караджыча, ёсьць пераклады ягоных выбраных твораў на расейскую мову. Пісьменьнік і палітык Мікалай Чаргінец узгадвае, што падчас сваіх частых паездак у Югаславію сустракаўся з Караджычам. Якія ўражаньні ад тых кантактаваньняў?

“Я ў Югаславіі шмат разоў бываў і даўным-даўно сапраўды сустракаўся з Караджычам. Чалавек ён мэтанакіраваны, настойлівы. Калі пайшоў у палітыку, гэтыя якасьці, па-мойму, яму спатрэбіліся. Але казаць, што ён жорсткі чалавек, які імкнецца прынесьці фізычныя пакуты, то так катэгарычна ня стаў бы. Абставіны такія, што, як кажуць, ягоныя падначаленыя нібыта ўжывалі незаконныя мэтады, у тым ліку, магчыма, і катаваньні, і забойствы. Ва ўсім гэтым, вядома, трэба разьбірацца суду. Але тут палка, як кажуць, на два канцы. Хачу зазначыць, што яго сэрбы лічаць сваім нацыянальным героем. То бок радуюцца мусульмане, перажываюць жыхары Сэрбіі, праваслаўныя хрысьціяне. Так што даводзіцца толькі чакаць разьвіцьця падзеяў”.

Колішні лідэр басьнійскіх сэрбаў карыстаўся досыць моцнай падтрымкай, перадусім у прыязных славянам колах і ў праваслаўнай царкве. А магутнае лобі ва ўладных структурах узору прэм’ер-міністра Воіслава Каштуніцы спрыяла таму, што цягам 13 гадоў яго нібыта не маглі злавіць, хоць вялікага сакрэту са свайго месцазнаходжаньня, як пішуць сэрбскія СМІ, Караджыч і на рабіў. З прыходам да ўлады прэзыдэнта Борыса Тадзіча сытуацыя зьмянілася.

На працягу больш чым 10 гадоў пасьля абвяшчэньня ў міжнародны вышук пра магчымае знаходжаньне Караджыча паступалі супярэчлівыя зьвесткі. Казалі, што ён хаваецца ў праваслаўных кляштарах у Босьніі, у Чарнагорыі, нават зьехаў за мяжу. Фляранс Артман, прэсавая сакратарка колішняга галоўнага пракурора Гааскага трыбуналу Карлы дэль Понтэ ў сваіх мэмуарах сьцьвярджае: у 1997 годзе некалькі месяцаў Караджыч хаваўся ў Беларусі. Аднак ніякага пацьверджаньня такому факту беларускія ўлады не даюць.

Чакаецца, што ўжо на гэтым тыдні Радавана Караджыча перавязуць у Гаагу, дзе ён неўзабаве паўстане перад Міжнародным трыбуналам. Апошняе абвінавачаньне супраць яго было сфармуляванае ў 2000 годзе па фактах генацыду ў Срэбраніцы і Сараеве. Максымальнае пакараньне, прадугледжанае Гааскім трыбуналам — пажыцьцёвае пазбаўленьне волі. Пакуль такіх прэцэдэнтаў у гісторыі трыбуналу не было. Аднак аналітыкі не выключаюць, што Караджыч можа быць першым — доказаў супраць яго сабрана вельмі шмат, бо некаторыя справы па злачынствах у былой Югаславіі ўжо завершаныя.

На волі пакуль застаецца былы камандуючы арміяй басьнійскіх сэрбаў Ратка Младзіч — другі нумар у гааскім сьпісе ваенных злачынцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG