Н.Стужынская: “Выйду на вуліцу, а таксама напішу кнігу”

Чым ёсьць угодкі абвяшчэньня БНР для Беларусі сёньняшняй? Як лепей, на погляд знаных беларусаў, адзначаць гэтую дату? Сёньня з развагамі на гэтую тэму – навуковец, дасьледчыца і грамадзкая дзяячка Ніна Стужынская.

Карэспандэнтка: Як вы будзеце сьвяткаваць 90-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі?

Стужынская: Па-першае, я, як публічны чалавек, выйду са сваімі аднадумцамі на вуліцу. Па-другое, я даю шырокае абяцаньне, што да канца гэтага году завяршу напісаньне новай вэрсіі кнігі “Беларусь мяцежная”. Я шмат працавала ў архівах – нямецкіх, польскіх, расейскіх, а таму ў гэтую кнігу ўвойдуць новыя разьдзелы, дапрацаваныя. Дзеці маіх героеў, да прыкладу, дачка лістападаўца Мяцельскага патэлефанавала і прасіла дапісаць гэтую кнігу дзеля яе дзяцей і ўнукаў. І я гэта ўсё я абавязкова зраблю.

Карэспандэнтка: Што для вас абвяшчэньне БНР, што для вас гэтае сьвята?

Стужынская: Гэта сьведчаньне таго, што Беларусь можна лічыць сьпелай нацыяй, якая мела сваё месца ў Эўропе і ў тагачасным геапалітычным сьвеце. Што ў той час склалася свая нацыянальная эліта, якая выкарыстала той час развалу расейскай імпэрыі напоўніцу, абвясьціўшы дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.