Белы дом разьлічвае, што амбасадар ЗША вернецца ў Менск

Пра гэта ў часе брыфінгу ў Вашынгтоне заявіў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак.

Заява зроблена ў сувязі з тым, што амэрыканскі амбасадар у Беларусі Карэн Ст'юарт на патрабаваньне беларускага МЗС 12 сакавіка пакінула Беларусь.

Шон Маккормак таксама паведаміў, што па дарозе ў Вашынгтон Ст'юарт наведае Вільню і Брусэль:

“Яна зьбіраецца прабыць некаторы час у Вільні… Я не магу сказаць, як доўга… Таксама яна наведае Брусэль па дарозе ў Вашынгтон для кансультацыяў. А калі кансультацыі скончацца, яна вернецца назад у Беларусь”.

Маккормак таксама сказаў, што спадарыня Ст’юарт зьбіраецца сустрэцца з адказнымі чыноўнікамі Брусэлю і Вільні.

Амбасадар Карэн Ст'юарт 12 сакавіка, напярэдадні ад’езду зь Менску, выказала надзею, што будзе адсутнічаць “некалькі тыдняў, ня болей”. Яна падкрэсьліла, што “палітыка Злучаных Штатаў у адносінах да Беларусі не зьмянілася… Толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных без папярэдніх умоваў Злучаныя Штаты будуць гатовыя разглядаць наступныя крокі па паляпшэньні двухбаковых стасункаў”.

Глядзець брыфінг