Гавэл падпісаў заклік вызваліць Казуліна

Міжнароднае аб’яднаньне “Грамадзянская Беларусь” распаўсюдзіла заяву, у якой патрабуе ад беларускіх уладаў вызваліць А.Казуліна і іншых палітвязьняў.

“Рашэньне аб кароткачасовым вызваленьні Аляксандра Казуліна з мэтай даць яму магчымасьць прыняць удзел у пахаваньні жонкі мы лічым недастатковым, гаворыцца ў заяве. Мы настойваем на тым, што існуе толькі адна магчымасьць выправіць несправядлівасьць, якую беларускім рэжым дапусьціў перасьледам Аляксандра Казуліна за ягоныя палітычныя погляды. Гэтай магчымасьцю ёсьць яго неадкладнае вызваленьне з турмы і спыненьне ўсіх рэпрэсіяў супраць яго”.

Зварот падпісалі былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, былы дысыдэнт і сэнатар Ян Румл, старшыня Чэскага Хельсынскага камітэту Ганна Шабатава, прэзыдэнт фэстывалю дакумэнтальных фільмаў “Адзін сьвет” Ігар Блажэвіч.