Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка палітвязьня Дзядка: «Перакананая, што вырак будзе максымальны, фэерычны»


Валерыя Хоціна
Валерыя Хоціна

У Магілёўскай турме № 4 працягваецца суд над палітвязьнем Мікалаем Дзядком. Пасьля чатырох з паловай гадоў зьняволеньня яму пагражае да году дадатковага тэрміну пакараньня. Мікалая Дзядка вінавацяць у «злосным непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі».

Пракурор просіць для палітвязьня максымальна магчымага падаўжэньня тэрміну — 1 год.

Суд разглядае шаснаццаць эпізодаў парушэньня зьняволеным правілаў унутранага распарадку турмы. Некаторыя зь іх Дзядок не прызнае. Зь некаторымі згаджаецца, што яны былі, аднак сьцьвярджае, што вымушаны быў парушыць іх з прычыны свайго фізычнага стану. Суд павінен вызначыць, ці насілі тыя парушэньні сыстэмны і наўмысны характар.

Паводле жонкі палітвязьня Валерыі Хоцінай, якая прысутнічае на судзе, неаднойчы ў сваіх паказаньнях супрацоўнікі турмы даводзілі, што зь Дзядком праводзіцца выхаваўчая і прафіляктычная праца. Як кажа Валерыя, у тых паказаньнях выхаваўчая праца зводзіцца да фіксацыі парушэньняў і пакараньня асуджаных:

«Яны ўсе казалі, што ў іх абавязкі ўваходзіць, каб зьняволеныя выконвалі распарадак дня, пільнаваць, каб не было канфліктаў, не парушалася ўнутрыкамэрная абстаноўка. Мікалай у іх некалькі разоў запытваў: „Калі вы са мной апошні раз гутарылі? Якія былі тэмы? Якім чынам я адрэагаваў?“ Ніхто зь іх ня мог гэтага прыгадаць. Пры гэтым усе псыхалягічныя экспэртызы і высновы людзей, якія рабілі матэрыялы для справы, адзначалі, што Дзядок пастаянна парушае, ніяк не рэагуе на гутаркі, якія зь ім праводзяцца. Напісана гэтак — практычна не паддаецца ніякай апрацоўцы. Такое ўражаньне, што прапашчы чалавек», — апавядае Валерыя.

Яшчэ адной адмоўнай рысай паводзінаў Мікалая Дзядка паводле паказаньняў турэмшчыкаў, зазначае Валерыя Хоціна, была адмова ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці турмы. Пры гэтым зноў супрацоўнікі турмы ня здолелі патлумачыць, у чым яно і які ад яго плён. Валерыя адзначае, што ў турме камэрная сыстэма, і асуджаныя маюць узаеміны толькі з сукамэрнікамі, а атрады сфармаваныя толькі на паперы.

«Калі Мікалай запытаўся: „На якія я мерапрыемствы хадзіў або не хадзіў?“ — яму адказвалі, што мы заходзілі ў камэру і праводзілі з вамі гутарку. І гэта называецца мерапрыемствам, якое праводзіць атрад. Яшчэ там гучала маляваньне насьценгазэты, афармленьне стэндаў. Якіх зноў жа ніхто ня бачыць. У камэрах яны не вісяць. Хутчэй за ўсё, калі яны і ёсьць (хоць гэтага ня змог пацьвердзіць супрацоўнік, ёсьць яны ці не), яны вісяць недзе ў калідорах, якія мала хто бачыць — магчыма, толькі праверка. Пры гэтым яны самі прызнавалі, што людзям прапануюць гэтым займацца, але невялікі працэнт хоча ў гэтым удзельнічаць».

Паводле Валерыі Хоцінай, у залі, дзе праходзіць суд, сядзяць каля двух дзясяткаў асуджаных. Яна зазначае, што, па ейных назіраньнях, амаль усе яны з гаспадарчага атраду. Такія асуджаныя, заўважае суразмоўніца, набліжаныя да адміністрацыі і маюць пэўную вольніцу ў турме. Над Дзядком, робіць высновы ягоная жонка, робіцца паказальны суд, і асуджаныя мусяць яго бачыць:

У справе пазначана: на прыкладзе справы Дзядка растлумачыць астатнім зьняволеным, чым могуць скончыцца непаслухмяныя паводзіны

«Наколькі я зразумела, у тым ліку зыходзячы з матэрыялаў справы, дзе было пазначана: на прыкладзе справы Дзядка растлумачыць астатнім зьняволеным, чым могуць скончыцца непаслухмяныя паводзіны. Таму я перакананая, што вырак будзе максымальны, фэерычны. Але мне падаецца, што суд над Дзядком будзе мець антывыхаваўчае ўзьдзеяньне. Дзядок пастаянна альбо выказваў антысыстэмныя погляды, альбо казаў рэчы супраць турэмнага ладу. Ставіў пад сумнеў парадкі. А людзі, якія працуюць у турме, ня могуць ніяк адказаць яму. Для асуджаных, зразумела, гэта, як хакейны матч, і яны чакаюць, чым ён скончыцца. Зразумела, што ім няма чым заняцца, што для іх суд — даволі вялікая падзея».

Чакаецца, што сёньня суд скончыцца вынясеньнем выраку. Акрамя жонкі, у турму на суд дапусьцілі бацьку палітвязьня — Аляксандра Мікалаевіча. Судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Ігар Шведаў не задаволіў хадайніцтва, каб бацька бараніў інтарэсы сына.

Да сканчэньня тэрміну зьняволеньня Мікалаю Дзядку застаецца менш за тыдзень.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкула аб хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. У турму № 4 яго зьмясьцілі пасьля нібыта злоснага парушэньня рэжыму ў шклоўскай калёніі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Мікалая Дзядка палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG