Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зноў пройдзе дзіцячая «Эўравізія», падрыхтоўка пачалася


Армянскі выканаўца MIKA на дзіцячай «Эўравізіі» ў 2015 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Армянскі выканаўца MIKA на дзіцячай «Эўравізіі» ў 2015 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь у другі раз прыме дзіцячы сьпеўны конкурс «Эўравізія-2018» (Junior Eurovision Song Contest) ў лістападзе 2018 году.

Як распавялі ў перадачы «Галоўны эфір» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1», беларускі бок атрымаў пацьверджаньне гэтага ад Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу. Ладзіць конкурс будзе Белдзяржтэлерадыёкампанія. Яна ўжо пачала распрацоўку лягатыпу і слогану конкурсу.

Прадстаўнікі Беларусі двойчы перамагалі на дзіцячай «Эўравізіі»: у 2005 годзе Кснія Сітнік з песьняй «Мы вместе» і ў 2007-м Аляксей Жыгалковіч зь песьняй «С друзьями». Пераможца сёлетняга конкурсу вызначыцца 26 лістапада ў Тбілісі. Беларусь там прадставіць 14-гадовая Хелена Мераі, дачка беларускі і сырыйца, з расейскамоўнай песьняй «Я самая». Сёлета ад удзелу ў конкурсе адмовіліся 16 эўрапейскіх краінаў.

Зь 15 выступаў на дзіцячай «Эўравізіі» Беларусь толькі двойчы прадстаўлялі зь беларускамоўнай песьняй, астатнія песьні былі расейскамоўныя.

У мінулы раз Беларусь прымала дзіцячую «Эўравізію» ў 2010 годзе на «Менск-арэне». Кошт конкурсу для арганізатараў афіцыйна не называўся, але неафіцыйна гаворылася, што Беларусі мерапрыемства каштавала паўмільёна даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG