Праект аднаўленьня дому ў Менску, у якім нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч, вынесены на грамадзкае абмеркаваньне, піша газэта «Менскі кур’ер».
Будаўніцтвам у раёне двароў дамоў 25-29 па вуліцы Багдановіча мае заняцца кампанія «Трайпл». Пра магчымае правядзеньне археалягічных раскопак не паведамляецца.
Аднаўленьне дома Багдановіча — далёка ня новы праект. Ён быў распрацаваны амаль 20 год таму, ідэя ж гучала аж з 1980-х.
Дом Багдановіча ці сабачая будка?
Дом меркавалася аднавіць ля вуліцы Аляксандраўскай на Траецкай гары на 120-годзьдзе паэта. Ды жыхары дамоў 25-29 выступілі на тагачасным грамадзкім абмеркаваньні супраць праекту. Замест яго «Трайпл» збудаваў у тым раёне «дом Чыжа».
Максім Багдановіч жыў у тым доме нядоўга, крыху больш за паўгода, амаль усё жыцьцё ён правёў далёка ад малой радзімы. У доме на першым паверсе была школа (у адноўленым доме таксама плянавалі адкрыць школу ці цэнтар дзіцячай творчасьці), на другім — кватэры настаўнікаў, у тыі ліку бацькі Багдановіча, які тады выконваў абавязкі загадчыка Першай менскай прыходзкай вучэльні. Частка дому згарэла ў час Другой усясьветнай вайны, а што не згарэла — разбурылі ў 1960-я.
У Менску цяпер ёсьць «Беларуская хатка» — філія музэю Багдановіча ў доме, дзе паэт жыў у 25 год і дзе напісаў у тым ліку верш «Пагоня». Асноўны будынак музэю — у Траецкім прадмесьці, там нядаўна аднавілі экспазыцыю. Недалёка ад музэю, па левы бок опэрнага тэатру, стаіць помнік Багдановічу.